РАЗЕ́Ц,

востраканцовая прылада працы стараж. чалавека ў эпоху палеаліту; пласціна або адшчэп крэменю для разьбы, гравіроўкі, выразання пазоў, расчлянення косці, рогу, дрэва. Асн. тыпы Р.: на вугле зламанай загатоўкі, рэтушныя ці бакавыя, 2-гранныя ці сярэдзінныя. На тэр. Беларусі існавалі на працягу каменнага веку.

В.​Я.​Кудрашоў.

Такарныя разцы: 1 — расточны ўпорны (у борштанзе); 2 — расточны (у борштанзе); 3 — прахадны прамы правы; 4 — прахадны ўпорны правы; 5 — падразны левы; 6 — праразны; 7 — прахадны адагнуты правы; 8 — адразны; 9 — фасонны; 10 — падразны правы; 11 — разьбовы для вонкавай разьбы; 12 — разьбовы для ўнутранай разьбы; 13 — расточны.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́Н (франц. patron, ням. Patrone),

1) у металаапрацоўцы — прыстасаванне для замацавання загатовак або інструментаў на металарэзных станках. Бываюць мех., эл.-магн., гідраўлічныя, пнеўматычныя, гідрапластавыя; 2-, 3-, 4-кулачковыя, цангавыя.

2) У электра- і святлатэхніцы — прыстасаванне для мацавання крыніцы выпрамянення (напр., лямпы напальвання) і забеспячэння яе эл. сілкаваннем.

3) У ваеннай справе — від боепрыпасаў стралковай зброі і малакаліберных (да 75 мм) пушак (гармат), у якіх куля (снарад), парахавы зарад і сродак запальвання (капсуль, капсульная ўтулка) аб’яднаны з дапамогай гільзы. Па прызначэнні падзяляюцца на баявыя і дапаможныя (напр., халастыя, для выпрабавання зброі). У залежнасці ад віду зброі бываюць пісталетныя, рэвальверныя, вінтовачныя, артыл., для паляўнічых ружжаў і інш. Распрацаваны т.зв. бязгільзавы П.

Патроны электрычныя: аразьбовы (1 і 2 — часткі, якія скручваюцца; 3 — спружынны ўкладыш з кантактамі; 4 — цокаль лямпы з цэнтральным кантактам); б — баянетныя з адным і двума рухомымі кантактамі.
Шротавы патрон 12-га калібру: 1 — пластыкавы корпус гільзы; 2 — стальны шрот; 3 — кантэйнер; 4 — парахавы зарад; 5 — капсуль; 6 — пластыкавы пыж; 7 — латунная аснова гільзы.
Да арт. Патрон: а — 9-мм ПМ (ПММ) для пісталета Макарава; б — 5,45-мм для аўтаматычнай зброі Калашнікава; в — 7,62-мм для штатнага боепрыпаса НАТО (1 — куля; 2 — гільза; 3 — парахавы зарад; 4 — капсуль-запальнік).

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,

металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.

Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.

Прыклады кампановак агрэгатных станкоў: 1 — вертыкальны аднабаковы аднапазіцыйны; 2 — нахілены аднабаковы аднапазіцыйны; 3 — шматбаковы аднапазіцыйны змешанай кампаноўкі; 4 — вертыкальны аднабаковы шматпазіцыйны.
Уніфікаваныя агрэгаты вертыкальнага агрэгатнага станка: 1 — станіна; 2 — цэнтральны і наладачны пульты; 3 — паваротны дзялільны стол; 4 — гідрабак; 5 — помпавая ўстаноўка; 6 — гідрапанэль; 7 — электрашафа станка; 8 — сілавы стол (у станках іншых тыпаў — сілавыя галоўкі); 9 — стойка; 10 — свідравальная бабка; 11 — упорны вугольнік; 12 — расточная панэль; 13 — разьбовы капір; 14 — шпіндэльная каробка; 15 — падаўжальнік; 16 — электрашафа сілавых механізмаў; 17 — каробка скарасцей; 18 — двухпазіцыйны дзялільны стол; 19 — расточная бабка; 20 — бакавая станіна. У станку уніфікаваны базавыя дэталі (1, 9, 11, 20), шпіндэльныя механізмы (10, 14, 19) і інш.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)