РАЗМІНІ́РАВАННЕ,

разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл. Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.

І.​А.​Шор.

Воіны-сапёры ў час размініравання. Гродна. 1999.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯНІ́ЦКІ (Мацвей Захаравіч) (26.1.1909, г. Магілёў — 17.3.1990),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1942). Працаваў пераважна ў галіне тэматычнай карціны і пейзажа. Асн. работы: «Фашысцкая грабармія на Беларусі» (1942), «Пасля вызвалення ад акупантаў» (1950), «Першы арышт Я.​Коласа» (1960), «Пасля вайны. Размініраванне» (1961), «Паўстанне сялян. 1905 год» (1968); лірычныя пейзажы «Вясна прыйшла» (1943), «Мосцік» (1946), «Мінск. Бульвар Шаўчэнкі» (1974), «Сенакос» (1975), «Восень» (1977), «Вясёлка» (1982), серыя «Белавежская пушча» (1958—63). Пісаў таксама нацюрморты, партрэты сучаснікаў.

М.Беляніцкі. Мосцік. 1946.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІННАЎЗРЫЎНЫ́Я ЗАГАРО́ДЫ,

сістэма мінных палёў, адзіночных мін і загарод выбуховага рэчыва, якія размяшчаюцца на мясцовасці. Выкарыстоўваюцца з мэтай перашкоды праціўніку ў прасоўванні і манеўры (гл. Загароды). Па прызначэнні падзяляюцца на процітанк., проціпяхотныя, процідэсантныя, змешаныя, паводле спосабу прывядзення ў дзеянне — на кіроўныя і некіроўныя. Устанаўліваюць уручную, з дапамогай сродкаў механізацыі, у т. л. самалётаў, верталётаў, а таксама ракетамі і артылерыяй. На Беларусі пасля Вял. Айч. вайны выяўлена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў. У некат. раёнах размініраванне працягваецца.

Літ.:

Варенышев Б.В. Преодоление инженерных заграждений и препятствий. М., 1976.

С.​У.​Чарных.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),

ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац. вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.

В.​Г.​Калеснік.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)