ЭФУ́ЗІЯ (ад лац. effusio разліццё, расцяканне),
1) у геалогіі — працэс вылівання магматычнай лавы з глыбінь Зямлі на паверхню з утварэннем лававых покрываў і патокаў, складзеных з эфузіўных горных парод.
2) Э. ў фізіцы — павольнае выцяканне газаў праз малыя адтуліны. Адрозніваюць Э. пры малых і пры вял. цісках газаў.
Пры малых цісках газу, калі дыяметр адтуліны малы ў параўнанні з даўжынёй свабоднага прабегу малекул, адбываецца малекулярнае выцяканне, пры якім сутыкненні паміж малекуламі неістотныя. Агульная маса выцеклага газу прапарцыянальная рознасці ціскаў з абодвух бакоў адтуліны. На гэтым засн. метад вымярэння малых ціскаў газу. Пры вялікіх цісках, калі даўжыня свабоднага прабегу меншая за дыяметр адтуліны. выцяканне газу адбываецца паводле законаў гідрадынамікі. Аб’ём выцеклага газу залежыць ад яго шчыльнасці. На гэтым засн. метад вымярэння шчыльнасці газаў паводле часу іх выцякання праз малыя адтуліны.
т. 18, кн. 1, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФУЗІ́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ (ад лац. effusio разліццё, расцяканне), выліўныя горныя пароды,
пароды, якія ўтварыліся на зямной паверхні, на дне мораў і акіянаў з лавы. што вылілася пры вулканічных вывяржэннях. Разам з інтрузіўнымі горнымі пародамі ўтвараюць вял. групу магматычных горных парод.
Адрозніваюць уласна эфузіўныя (узніклі пры свабодным выліванні лаў), экструзіўныя (з вязкіх магм, выціснутых на паверхню). Залягаюць у выглядзе лававых патокаў, покрываў, утвараюць вулканічныя конусы, купалы, шчыты, каскады, абеліскі і інш. геал. целы. Складзены з вулканічнага шкла (базіс), найдрабнейшых крышталёў — мікралітаў і больш буйных парфіравых украпанікаў — фенакрышталёў. Найб. характэрныя іх структуры — парфіравыя. мікралітавыя, вітрафіравыя. Паводле рэчыўнага складу падзяляюцца на кіслыя, сярэднія, асноўныя, ультраасноўныя і шчолачныя. Пры змене Э.г.п. гіпергеннымі, гідратэрмальнымі. метамарфагеннымі і інш. працэсамі вулканічнае шкло раскрышталізоўваецца, мікраліты і фенакрышталі замяшчаюцца другаснымі мінераламі. У залежнасці ад гэтага адрозніваюць Э.г.п. — кайнатыпныя (нязменныя) і палеатыпныя (змененыя ў рознай ступені).
На Беларусі Э.г.п. найб. пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна і схілы прылеглых структур) у валынскай серыі венду (базальты, андэзіта-дацыты, трахіліпарыты) і на ПдУ (усх. ч. Прыпяцкага прагіну, Лоеўская седлавіна і інш.) сярод верхнедэвонскіх адкладаў (трахіты, нефелініты, лейцыціты, пікрыты і інш.); вядомы таксама ў рыфейскіх (кварцавыя парфіры) і архейска-ніжнепратэразойскіх адкладах (дыябазы і інш.).
М.В.Вераценнікаў.
т. 18, кн. 1, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)