Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВА́ЛКІ, розвальні,
найбольш пашыраны від саней на Беларусі. Паверх пагрузачнай пляцоўкі (для яе павелічэння) уздоўж саней прымацаваны 2 жэрдкі з папярочкай на канцах — развалкі (адсюль назва). Выкарыстоўваюцца на гасп. работах і для выездаў (тады на Р. ставяць кузаў — трохбаковую рашотку, або драбінкі, плецены палукашак). Бытуюць і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗО́К,
лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.