ЛА́КІ МАСТА́ЦКІЯ,

вырабы з дрэва, пап’е-машэ ці металу, апрацаваныя лакам, адпаліраваныя, аздобленыя размалёўкай, часам разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Кітаі, пазней і ў інш. краінах Усходу. У якасці пакрыцця выкарыстоўваўся сок лакавага дрэва. У Кітаі вырабы Л.м. (кубкі, вазы, шкатулкі, мэблю, арх. элементы) рабілі з пап’е-машэ, дрэва, абклейвалі тканінай або паперай, грунтавалі, лакіравалі, сушылі, паліравалі і інш., чым дасягалася іх вял. трываласць і воданепранікальнасць. Былі пашыраны размалёўка паліхромнымі і залатымі лакамі па чорным або каляровым фоне, разьба, інкрустацыя перламутрам, волавам, серабром. Блізкія да кіт. Л.м. Карэі, Японіі, Іпдакітая. У В’етнаме і Лаосе разам з дэкар. пашыраны станковы лакавы жывапіс. У Іране, Індыі, Цэнтр. Азіі вядомы лакавыя мініяцюры, выкананыя тэмпернымі фарбамі на вырабах з пап’е-машэ. У Зах. Еўропе ўсх. лакі вядомы з 15 ст., уласная вытв-сць пачалася з 17—18 ст. (дэкор палацавых інтэр’ераў, мэбля, быт. вырабы). Тэхналогія вырабу была спрошчана: уведзена гарачая сушка ў печах, выкарыстоўваліся алейныя лакі і фарбы. У 18 ст. вял. тэхн. і маст. майстэрствам вызначаліся вырабы франц. фірмы «Мартэн» і ням. ф-кі І.​Штобвасера. У Расіі вытв-сць лакавых вырабаў развіваецца з канца 18 ст. Рабілі мэблю, элементы дэкору палацавых інтэр’ераў, шкатулкі, табакеркі, падносы, размаляваныя алейнымі фарбамі. З пач. 19 ст. пачалі ўзнікаць нар. промыслы (гл. Жостаўская размалёўка, Фядоскінская мініяцюра). На пач. 20 ст. на аснове б. іканапісных промыслаў з’явіліся цэнтры Л.м. у сёлах Палех і Холуй Іванаўскай, Мсцёра Уладзімірскай абласцей, дзе створаны арыгінальны від мініяцюрнай размалёўкі тэмперай і золатам па чорных лакіраваных шкатулках (гл. Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра, Мсцёрская мініяцюра).

На Беларусі ў тэхніцы Л.м. працуюць А. і Г. Осіпавы, В. і А. Ражковы, якія развіваюць традыцыі палехскай школы. У творах, якія вызначаюцца вытанчанасцю малюнка і кампазіцыйным майстэрствам, распрацоўваюць сюжэты нар. казак, бел. і рус. літаратуры, гісторыі, сучаснай тэматыкі: мініяцюры паводле бел. нар. казкі «Іван — удовін сын» (1962—63), кампазіцыі «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Адпачынак» (1984) Осіпавых; трыпціх «Русь волатаўская» (1966), пласціны «Дзмітрый Данскі» (1980), «Канёк-гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Царэўна-жаба» (усе 1984), «Царэўна-лебедзь» (1990), «Руслан і Людміла» (1995), «Русь-тройка» (1996), «Лукамор’е» (1998) Ражковых.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Лакі мастацкія. Скрыня разнога лаку. Кітай. 1735—96.
Да арт. Лакі мастацкія. Б.Ермалаеў. Шкатулка «Снягурка». Палех. 1959.
Да арт. Лакі мастацкія. Шкатулка «Тройка». Майстэрня А.​Вішнякова. Фядоскіна. 1880-я г.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),

мастацкі твор малых памераў.

У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.

Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.

На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.

М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.

Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.​Кловіо (Італія), Ф.​Клуэ (Францыя), Г.​Гольбейн Малодшы (Германія), Н.​Хіліярд, А.​Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж-Петыго (Швейцарыя), С.​Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.​Кар’еры ў Італіі, Ж.​А.​Фраганара, Ж.​Б.​Ізабэ ў Францыі, Г.​Ф.​Фюгера ў Аўстрыі, У.​Баравікоўскага, А Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл. Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.​Мусікійскім, а таксама партрэты А.​Міцкевіча, А Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.​М.​Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.​Осіпавы, В. і А.​Ражковы і інш.

У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш. Гл. Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.

У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.​Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, Я.​Брыля, Ф.​Янкоўскага, Б.​Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.​Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.​Багдановіча, У.​Дубоўкі, Л.​Геніюш, Р.​Барадуліна, Я.​Сіпакова, Ю.​Свіркі, Р.​Тармолы, А.​Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.

У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.​Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.​Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.​Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.​Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.​Шлег, а таксама мініяцюры Я.​Глебава, Я.​Дзяіцярыка, І.​Лучанка, Р.​Суруса, Э.​Тырманд і інш. Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Ф.​Мендэльсон, Ф.​Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.​Чайкоўскі, А.​Лядаў, А.​Скрабін, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.​Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.​Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.​Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.​Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.​Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.​Кузняцова і інш.).

У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар. т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».

Л.​Ф.​Салавей (выяўл. мастацтва), А.​М.​Пяткевіч (літаратура), Т.​А.​Шчэрба (музыка).

Да арт. Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.
Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.
Да арт. Мініяцюра. Р.​Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.
Да арт. Мініяцюра Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)