Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ МАЯ́К,
наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) прыёмна-перадавальная радыёстанцыя, якая працуе сумесна з устаноўленай на рухомым аб’екце (самалёце, судне і інш.) радыёлакацыйнай станцыяй. Пад уздзеяннем сігналаў бартавой станцыі Р.м. уключаецца і выпраменьвае кадзіраваныя сігналы, па якіх вызначаюцца напрамак на маяк і адлегласць да яго. Можа служыць і радыёмаяком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ ІНДЫКА́ТАР,
прыстасаванне для адлюстравання радыёлакацыйнай інфармацыі ў яркаснай, графічнай або лічбавай форме. Дае інфармацыю пра наяўнасць цэлей, іх каардынатах (далёкасці, азімуце, вышыні), пра змены гэтых каардынат у часе і прасторы, пра характарыстыкі цэлей (тып, памеры, колькасць і інш.).
Р.і. выкарыстоўваюцца таксама для атрымання дадатковай інфармацыі, неабходнай для кіравання аб’ектам, які абслугоўваецца радыёлакацыйнай станцыяй. Напр., на Р.і. самалётных станцый могуць дадаткова паказвацца даныя аб вышыні і скорасці палёту, становішчы самалёта адносна лініі гарызонту, колькасці паліва ў баках, стане агрэгатаў самалёта і інш. У Р.і. выкарыстоўваюцца прыёмныя злектронна-прамянёвыя трубкі (чорна-белага або каляровага відарыса), святлодыёдныя, электралюмінесцэнтныя і газаразрадныя індыкатары, вадкакрышталічныя і інш.індыкатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗВО́Д,
воінскае падраздзяленне ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Уваходзіць у склад роты, батарэі (за выключэннем асобных У., якія непасрэдна ўваходзяць у склад батальёна, дывізіёна, палка і інш.). У залежнасці ад прызначэння У. уключае 2—4 аддзяленні (разлікі, экіпажы). У. узначальвае камандзір, як правіла, з ліку малодшых афіцэраў або прапаршчыкаў. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь У. існуюць ва ўсіх родах войск і спец. часцях, а таксама ў інш. войсках і воінскіх фарміраваннях, ваен.навуч. установах.
Упершыню У. ўтвораны ў канцы 17 ст. ў пяхоце і кавалерыі, потым у артылерыі. Са з’яўленнем новых відаў узбр. сіл (ППА, ВПС) і родаў войск (ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. войскі і інш.) У. ўвайшлі ў іх арганізац. структуры (напр., радыёлакацыйны У. — у склад зенітна-ракетнага дывізіёна, радыётэхн. батальёна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, электраразведка,
група метадаў геафізічнай разведкі, засн. на даследаванні прыродных або штучна ўзбуджаных у зямной кары электрамагнітных палёў.
Існуе больш за 100 мадыфікацый Э.р. Метады Э.р. падзяляюць на асн. групы: уяўных супраціўленняў (засн. на вывучэнні пастаянных эл. палёў, што ствараюцца пры дапамозе 2 зазямленняў, падключаных да полюсаў крыніцы пастаяннага току; паводле размеркавання ўяўных супраціўленняў горных парод мяркуюць пра геал. будову даследуемай плошчы); электрахімічнай палярызацыі (даследуюць палі, што ствараюцца электрычна палярызаванымі геал. ўтварэннямі, напр., на кантакце руд і ўмяшчальных парод, і фільтрацыяй падземных вод праз поры горных парод; у шэрагу метадаў палярызацыя ствараецца штучна); магнітатэлурычнага поля (гл.Магнітатэлурычныя метады разведкі); электрамагнітнага зандзіравання (даследуюць асаблівасці змен у зямной кары штучна ствараемых палёў; прызначаны для вывучэння геал. разрэзу ў верт. кірунку); індукцыйныя (поле ўзбуджаецца пры дапамозе незаземленых контураў пераменнымі нізкачастотнымі токамі, даследуецца другаснае, магнітнае поле, што ствараецца віхравымі токамі, індуцыраванымі ў добра праводных абласцях, пераважна ў рудных пакладах); радыёхвалевыя (засн. на вывучэнні пашырэння радыёхваль у горных пародах; паглынанне радыёхваль горнымі пародамі нарастае з павелічэннем іх праводнасці; на з’яве адбіцця радыёхвалі ад межаў, што раздзяляюць горныя пароды, засн.радыёлакацыйны спосаб).
Электраразведачная апаратура складаецца з крыніц току (батарэі, генератары і інш.), прылад сілкавання і вымярэння. Для даследавання малых глыбінь (да 1 км) выкарыстоўваюць пераносную апаратуру, для глыбінных даследаванняў — электраразведачныя станцыі. Паводле вынікаў палявых назіранняў (у выглядзе графікаў і карт элементаў электрамагнітных палёў) і іх інтэрпрэтацыі вызначаецца тып геал. структур, наяўнасць карысных выкапняў, глыбіні і магутнасці пластоў, вуглы падзення і інш. У горнай справе шахтавыя, свідравінныя і кар’ерныя мадыфікацыі Э.р. выкарыстоўваюцца пры эксплуатацыйнай разведцы, тэхнал. карціраванні руд, даследаванні ўстойлівасці горных вырабатак і інш.