Радые... 9/34

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕ..., радыя... (ад лац. radiare выпрамяняць), першая частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да радыеактыўнасці, радыяцыі (напр., радыебіялогія, радыетэрапія, радыяхімія).

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕРЭЗІСТЭ́НТНАСЦЬ [ад радые... + лац. resistens (resistentis) процідзейны],

устойлівасць біялагічных аб’ектаў да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Процілегласць радыеадчувальнасці.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,

вытворчая арганізацыя па забеспячэнні геафіз. даследаванняў геолагаразведачных работ. Створана ў г. Мінск у 1968 як комплексная геафіз. экспедыцыя ў складзе Белгеагідратрэста. З 1987 геафізічная экспедыцыя ў ВА «Беларусьгеалогія». Выконвае геафіз. даследаванні пры пошуках карысных выкапняў, геал. і гідрагеал. здымках, геаэкалагічным вывучэнні тэр. Беларусі. Уключае партыі: 2 доследна-метадычныя (фіз. уласцівасцей і лічбавай апрацоўкі), 7 вытв.-палявых геафіз., камеральную геолага-геафіз. інфармацыі, шэраг дапаможных службаў. Асн. кірункі дзейнасці (1996): усе віды геафіз. здымкі — аэра- і наземная магнітная, граві-, радые-, радона- і тэрмаметрычная; наземныя электраразведачныя работы, пенетрацыйныя і свідравальныя даследаванні, радые- і літагеахім. здымка на паверхні і на геал. разрэзах; працы па павышэнні выхаду нафты і вады са свідравін пры іх здабычы.

В.​А.​Шытц.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛІЗ (ад радые... + грэч. lysis распад),

сукупнасць ператварэнняў, якія адбываюцца ў аб’екце (рэчыва, жывы арганізм) пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. У выніку паглынання энергіі іанізавальнага выпрамянення рэчывам зыходныя хім. злучэнні раскладаюцца з утварэннем новых рэчываў, якія наз. прадуктамі Р. (напр., прадукты Р. метанолу — вадарод і этыленгліколь HOCH2CH2OH, прадукты Р. вады — вадарод і пераксід вадароду H2O2), адначасова адбываюцца інш. хім. і фіз. змяненні рэчыва. Гл. таксама Радыяцыйная хімія.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... + лац. protector абаронца),

рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад радые... + лац. sensibilis адчувальны),

узмацненне адчувальнасці клетак да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Адбываецца пры дапамозе фіз. і хім. агентаў — радыесенсібілізатараў, што ўжываюць да (або ў час) апрамянення ў колькасцях, якія не ўплываюць на жыццяздольнасць клетак. Выкарыстоўваецца ў эксперым. і клінічнай анкалогіі для ўзмацнення прамянёвага пашкоджання пухлін. Мае выбіральнасць дзеяння на пухлінныя клеткі, у выніку чаго павышаецца эфектыўнасць прамянёвай тэрапіі. Колькаснае выражэнне Р. — каэфіцыент, або фактар змены дозы.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),

адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + гідрагеалогія),

галіна гідрагеалогіі, якая даследуе прыродныя радыеактыўныя воды, умовы іх фарміравання і пашырэння, іх ролю ў пошуках радовішчаў радыеактыўных элементаў. Радыеактыўнасць прыродных вод вызначаецца канцэнтрацыяй радыеактыўных элементаў і вар’іруе: для урану ў межах n∙10​−9n∙10​−2%, для радыюn∙10​−15n∙10​−9%, для радонуn∙10​4 эман. Найб. нізкая актыўнасць характэрна для вод акіянаў, мораў, рэк і азёр; найб. высокая — для вод уранавых радовішчаў. Рэкі штогод выносяць у акіян каля 104 т урану. У водах нафтавых радовішчаў колькасць радону павялічваецца з набліжэннем да нафтавага пакладу, а урану — памяншаецца.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯГРА́ФІЯ (ад радые... + ...графія),

неразбуральны метад кантролю суцэльнасці цвёрдых цел; метад радыяцыйнай дэфектаскапіі. Засн. на прасвечванні аб’екта іанізавальным выпрамяненнем і рэгістрацыі выпрамянення, якое прайшло праз аб’ект, фатагр. метадам.

Пры Р. ў якасці крыніцы іанізавальнага выпрамянення звычайна выкарыстоўваюць радыенукліды, якія вылучаюць γ-кванты (напр., цэзій-137, ірыдый-192, селен-75), у якасці дэтэктара выпрамянення, што прайшло праз аб’ект, — рэнтгенаграфічныя плёнкі, у т. л. каляровыя, спец. ядз. фотаматэрыялы. Асн. разнавіднасць Р. — аўтарадыяграфія, калі фатагр. метадам рэгіструюць іанізавальнае выпрамяненне радыеактыўных атамаў, размеркаваных у аб’ёме ці паверхневым слоі цвёрдага цела. Выкарыстоўваюць Р. для кантролю якасці ліцця, зваркі, пайкі і інш.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)