Радунь (радовішча мелу, Карэліцкі р-н) 5/472
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Радунь (г. п.) 1/211 (к.), 435; 3/160 (к.); 6/366 (к.); 9/32
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНЬ,
гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.
Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл. Цэнтр — в. Радунь (з 1958 гар. пасёлак). 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл. 25.12.1962 скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Шчучынскі і Воранаўскі р-ны.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РКІ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 88 км ад г. Гродна, 27 км ад чыг. ст. Бастуны. 222 ж., 70 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 5, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПАВА,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Крупка, каля аўтадарогі Ліда — г.п. Радунь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г. Ліда, 112 км ад Гродна, 6 км ад чыг. ст. Гутна. 519 ж., 172 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЦІШКІ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Радунь—Эйшышкес (Літва). Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Ніва». За 45 км на З ад Воранава, 108 км ад Гродна, 36 км ад чыг. ст. Бастуны. 660 ж., 198 двароў (1997). Базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 6, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНЬКА,
рака ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Дзітва (бас. р. Нёман). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 169 км². Пачынаецца за 2 км на ПнЗ ад в. Павіланцы, цячэ па паўн. ускраіне Лідскай раўніны, упадае ў р. Дзітва на У ад в. Талькунцы. Рэчышча ад вусця на працягу 25 км каналізаванае. На рацэ г.п. Радунь.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАЖЭ́ЎСКІ (Юрый Іванавіч) (н. 9.1.1957, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. імунолаг, патолаг. Д-р мед. н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1980). Працаваў у гэтым ін-це, з 1990 рэктар Гомельскага мед. ін-та. Навук. працы па этыялогіі і патагенезе ўнутрывантробнага развіцця, імуннай рэгуляцыі антагенезу, функцыянаванні арганізма ва ўмовах інкарпарацыі радыенуклідаў.
Тв.:
Иммунная регуляция онтогенеза. Гомель, 1994;
Клинико-экспериментальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм. Гомель, 1995 (у сааўт.).
т. 2, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗУ́КІ,
этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.
т. 6, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)