Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МЕНС ((Siemens) Эрнст Вернер) (13.12.1816, г. Гердэн, Германія —6.12.1892),
нямецкі электратэхнік і прамысловец. Чл. Берлінскай АН (1874). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). Скончыў Берлінскае артыл.інж. вучылішча. Атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлегр. апарат (1847). У 1853—56 прымаў удзел у буд-ве тэлегр. ліній у Расіі, кіраваў стварэннем першай трамвайнай лініі на прамысловай выстаўцы ў Берліне (1879). Займаўся пытаннямі моцнатокавай электратэхнікі (эл. асвятленне, трамвай, электрастанцыі і інш.). Сканструяваў шэраг эл.-тэхн. прыстасаванняў і прылад (ртутны эталон супраціўлення, селенавы фатометр і інш.). Заснаваў эл.-тэхн. канцэрны «Сіменс і Гальске», «Сіменс і Шукерт» і інш. Яго імем названа адзінка эл. праводнасці — сіменс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксандр Сцяпанавіч) (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),
рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен.навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас.фіз.-хім.т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).
Літ.:
Радовский М.И. А.С.Попов. М.; Л., 1963;
Изобретение радио: А.С.Попов: Док. и материалы. М., 1966.