Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́РСКАЯ (Ніна Сямёнаўна) (н. 16.7.1940, в. Загор’е Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэтэса, публіцыст, крытык. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыла БДУ (1962). Працавала на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1982 у Мін-ве культуры Беларусі, з 1996 у Бел. ун-це культуры. Друкуецца з 1958. Творчасці ўласцівы лірыка-філас. светаразуменне, актуальнасць і сац. скіраванасць тэматыкі. Аўтар паэт. зб-каў «Радар» (1975), «Явар» (1982), «Мне добра з вамі» (1989). Асобныя яе вершы пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Роберт Іванавіч) (20.6.1932, с. Касіха Троіцкага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.8.1994),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Друкаваўся з 1950. Першая кніга — «Сцягі вясны» (1955). У паэт. зб-ках «Выпрабаванне» (1956), «Равесніку» (1962), «Радыус дзеяння» (1965), «Сын Веры» (1966), «Усур’ёз» (1970), «Радар сэрца» (1971), «Голас горада» (1977), «Гэты час» (1983), «Узрост» (1988) і інш. тэма вернасці загінуўшым у Вял.Айч. вайну, роздум над сэнсам жыцця, лірыка кахання. Паэма «Рэквіем» (1961, музыка Дз.Кабалеўскага) прысвечана памяці тых, хто загінуў у Вял.Айч. вайну. «Ліст у трыццатае стагоддзе» (1963) — своеасаблівая размова з нашчадкамі. Аўтар «Паэмы пра розныя пункты погляду» (1967), паэмы «Чаканне» (1982), кн. падарожных публіцыст. нарысаў «І не заканчваецца зямля...» (1971) і інш. За кнігу «Голас горада» і паэму «210 крокаў» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1979. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Г.Бураўкін, І.Калеснік, В.Макарэвіч, М.Танк, В.Шыханцоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,
радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродак радыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.
Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССРвытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл.Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн. вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.
Літ.:
Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;
Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.
В.І.Вараб’ёў.
Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.