Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн.рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,
помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 × 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах.рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛА́НАЎ (Міхаіл Іванавіч) (12.2.1914, с. Іванаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 23.1.1990),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969).Вучыўся ў Харкаўскім інж.-буд. ін-це (1936—41). З 1944 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы: рэканструкцыя будынка Дзярж.рус.драм. тэатра Беларусі (1950), арх.-буд. тэхнікум (1954), Дзярж.маст. музей Беларусі, жылыя дамы па вул. К.Маркса (1954), на рагу вуліц Захарава і Першамайскай (1958), будынкі Бел. аграрнага тэхн. ун-та (1960, 1979), мед. ін-та (1966), корпус ф-та радыёфізікі БДУ (1966, у сааўт.) у Мінску; гал. корпус турысцкай базы (1968) і комплекс дома адпачынку «Сосны» (1975) на воз. Нарач (Мядзельскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ,
княжацкі палац, помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр.Гродзенскага Старога замка, на паўд.рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.Ядкоўскім. Збераглася паўн. частка даўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ РА́ТУША.
Існавала ў 17—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652. Мяркуюць, што ў 1664 пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. У час пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка прыбудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай архангела Міхаіла (лічыўся абаронцам горада). У 1818 Н.р. значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха гал. фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася. Каля 1900 на месцы Н.р. ўзведзены новы будынак гар. магістрата (верагодна, былі выкарыстаны фундаменты і часткі сцен старой ратушы), у Вял.Айч. вайну разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «МАСКО́ЎСКІ».
Пабудаваны ў 1999 у Мінску на рагу праспекта Скарыны і вул. Філімонава (арх. М.Навумаў, інж. Л.Валчэцкі, Ю.Рушаў, маст. афармленне У.Папсуева, В.Хацкевіча). Прызначаны для міжнар., міжгар. і мясц. перавозак. Важны горадабуд. акцэнт усх. часткі горада. Архітэктура комплексу заснавана на стварэнні шматузроўневай прасторы, удалым выкарыстанні рэльефу мясцовасці, лесвіц, пандусаў з мэтай выключэння перасячэнняў трансп. і людскіх патокаў. Комплекс уключае прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак, дзе размешчаны білетныя касы, залы чакання, гандл. ўстановы, гасцініца, адм. памяшканні. Кампазіцыйным цэнтрам аўтавакзала з’яўляецца адкрытая прастора атрыумнага тыпу з касавым вестыбюлем і прадпрыемствамі абслугоўвання ўнізе і адкрытымі галерэямі (вядуць на пероны) на 2-м паверсе. У аздабленні інтэр’ера выкарыстаны размалёўкі, скульптура, вітражы. Над пасадачнымі платформамі створаны падковападобны навес на вантавых канструкцыях. замацаваных на вежы (выш. 42 м), якая з’яўляецца вышыннай дамінантай комплексу і наваколля. У вырашэнні ўнутр. прасторы комплексу закладзены прынцып зрокавага аб’яднання ў адзінае цэлае інтэр’ераў будынка і экстэр’еру ўнутр. дворыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ,
касцёл Прачыстай Божай Маці, фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх.рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.