помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 19 ст. ў в. Раванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў паўн.ч. вёскі ў б. маёнтку мінскага маршалка Л.Слатвінскага. Уключаў палац, фланкіраваны 2 флігелямі, гасп. пабудовы, парк. Цэнтрам комплексу быў класіцыстычны палац, што размяшчаўся на ўзвышшы. Мураваны прамавугольны ў плане 1-павярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Гал. і паркавы фасады вылучаны ў цэнтры 4-калоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. 2 бакавыя лесвіцы порціка гал. фасада вядуць на тэрасу, з якой зроблены гал. ўваход. Плоскасныя фасады палаца рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, вуглавымі лапаткамі. У пач. 20 ст. ў будынку размяшчалася суконная ф-ка. У 1952 палац адноўлены, у ім размешчана сельская бальніца. Флігелі — 1-павярховыя кампактныя прамавугольныя ў плане будынкі пад 2-схільнымі дахамі. Парк пейзажнага тыпу, з садам (пл. 11 га), закладзены ў сярэдзіне 19 ст. Вакол асн.ч. парку — кальцавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку расце каля 60 відаў і форм экзотаў. Парк аддзелены ад дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВА́НІЧЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.