Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНІЦКАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),
арганізацыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. У кіруючае ядро партыі ўваходзілі У.Родзька (старшыня ЦК), Ф.Аляхновіч, І.Гінько, Р.Зыбайла, Р.Рабуха, Ю.Саковіч, А.Сянькевіч і інш. Былі ўтвораны 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел.нац. рух для выступлення і супраць ням. фашыстаў, і супраць бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі — 12). Не маючы шырокай падтрымкі ў інш.бел. арг-цый, БНП не стала рэальнай паліт. сілай. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл некалькі ўзбр. груп. Аднак БНП не дамаглася масавай падтрымкі насельніцтва. Большасць яе атрадаў і падп. груп разгромлены органамі НКУС, шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, бактэрыёзы,
хваробы раслін, якія выклікаюцца неспараноснымі бактэрыямі з сямействаў мікабактэрый, псеўдаманадаў, бактэроідаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Многія вельмі шкодныя, асабліва ў паўд. раёнах зямнога шара. Прычыняюць страты с.-г. культурам: бульбе, памідорам, агуркам, капусце, буракам, бабовым, бавоўніку, тытуню, пладовым, вінаграду і інш. Пашкоджанні бываюць: агульныя (выклікаюць гібель усёй расліны або асобных яе частак — гамоз бавоўніку, сасудзісты бактэрыёз капусных), выяўляюцца на каранях (каранёвыя гнілі) або ў сасудзістай сістэме (гл.Сасудзістыя хваробы раслін); мясцовыя (захворванні асобных частак або органаў расліны — бактэрыяльная мокрая гніль агародніны, бактэрыёз агуркоў і дыні), выяўляюцца на парэнхімных тканках у форме апёкаў раслін, плямістасцяў раслін і мокрых гніляў: мяшанага характару (сасудзіста-парэнхіматозныя хваробы, напрыклад, бактэрыёз сланечніку). Асобнае месца займаюць бактэрыяльныя хваробы раслін, звязаныя з утварэннем пухлін (бактэрыяльны каранёвы рак пладовых). Бактэрыі пранікаюць у расліну праз вусцейкі лісця, вадзяныя поры, розныя раны. Перадача ўзбуджальнікаў магчыма з насеннем і пасадачным матэрыялам, расліннымі рэшткамі, кроплямі дажджу, паліўнымі водамі, насякомымі, нематодамі і інш. Меры барацьбы гл. ў арт.Хваробы сельскагаспадарчых раслін.
Літ.:
Бактериальные болезни растений. М., 1981;
Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979.