Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́НЫ (Pythoninae),
падсямейства паўзуноў атр. лускаватых. 6 родаў, 27 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Жывуць пераважна ў лясах, зарасніках каля вады, сярод камянёў, запаўзаюць на дрэвы. Добра плаваюць і ныраюць. Актыўныя пераважна ўначы. 1 падвід П. тыгравага (Python molurus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 10 м, маса да 100 кг. Афарбоўка ад аднаколернай (бурых адценняў) да стракатай, плямістай. Драпежнікі; маладыя кормяцца пераважна насякомымі. Здабычу ўтрымліваюць зубамі і адначасова сціскаюць яе кольцамі цела. Адкладваюць да 107 яец (даўж. да 9 см). Самка «наседжвае», інкубіруе іх (т-ра яе цела пры гэтым на 12—15 °C вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя). Аб’екты промыслу (скура, мяса, тлушч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),
падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.
Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.