Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, гетэрацыклы,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.
У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш.Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл.Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл.арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).