Пірл Р. 7/406

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁРЛ-ХА́РБАР, Пірл-Харбар (Pearl Harbor),

галоўная ваенна-марская база (ВМБ) ЗША у бухце на паўд. беразе в-ва Ааху (Гавайскія астравы). У 1887 порт перададзены ЗША уладаром Гаваяў; пасля анексіі Гаваяў ЗША у 1898 ператвораны ў ваен. базу. У час 2-й сусв. вайны 1939—45 на П.-Х. размяшчаліся гал. сілы Ціхаакіянскага флоту ЗША. Раптоўным нападам на ВМБ 7.12.1941 без абвяшчэння вайны Японія пачала баявыя дзеянні на Ціхім акіяне (гл. Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Самалёты з 6 яп. авіяносцаў 2 эшалонамі з розных напрамкаў на працягу 2 гадз нанеслі шэраг паслядоўных удараў па амер. караблях, аэрадромах і берагавых батарэях. У выніку ЗША страцілі 15 буйных караблёў (у т. л. патоплена і пашкоджана 8 лінкораў), шмат малых суднаў, 272 самалёты, 3400 чал. забітымі і параненымі. Страты японцаў склалі 29 самалётаў, 5 падводных лодак і 60 чал. Аднак гал. мэта нечаканага нападу — паралізаваць амер. флот — не была дасягнута. 8.12.1941 ЗША і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Японіі. 2-я сусв. вайна ахапіла акваторыю Ціхага акіяна.

Літ.:

Что произошло в Пирл-Харборе: Док.: Пер. с англ. М., 1961;

Бунич И.Л. Второй Перл-Харбор;

Лорд У. День позора. СПб., 1999;

Медведь А. Удар по Жемчужной гавани // Крылья Родины. 1992. № 1.

Амерыканскія караблі пасля налёту японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар. Снежань 1941.

т. 12, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)