ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст. н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.
т. 12, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК XI (Louis; 3.7.1423, г. Бурж, Францыя — 30.8.1483),
кароль Францыі [1461—83]. З дынастыі Валуа. Сын Карла VII [1422—61]. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, падаўляў феад. мяцяжы. У 1462 набыў прав. Русільён і Сердань, у выніку перамогі ў Бургундскіх войнах 1474—77 — герцагства Бургундскае і прав. Пікардыя. Далучэннем у 1481 да каралеўскіх уладанняў правінцый Анжу, Мэн і Праванс у асн. завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі. Спрыяў развіццю рамёстваў, знешняга і ўнутр. гандлю, падтрымліваў заможных гараджан. Стварыў умовы для будучага развіцця абсалютызму ў Францыі.
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́Н (Amiens),
горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч. прам-сць.
У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл. Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).
т. 1, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)