Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́ЗДА»
(Mazda),
аўтамабілі яп. фірмы «Мазда мотар карпарэйшэн». Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1930, легкавыя — 1960. Поўная маса грузавых аўтамабіляў да 2,8 т, прычэпаў — 1,55 т, магутнасць рухавіка да 90 кВт. Большасць мадэляў легкавых аўтамабіляў «М.» 5-месныя, 4-дзверныя, магутнасць рухавіка да 147 кВт, найб. скорасць да 250 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль для перавозкі грузаў. Характарызуецца грузападымальнасцю, тыпам кузава, колавай формулай і кампаноўкай — размяшчэннем кабіны адносна пярэдняй восі (гл.Аўтамабіль). Для буксіроўкі прычэпаў забяспечваюцца счэпнымі прыладамі, хуткадзейнымі злучальнымі прыстасаваннямі і інш. Адрозніваюць адзіночныя грузавыя аўтамабілі і аўтапаязды (у т. л.цягачы, седлавыя цягачы), звычайнай і павышанай праходнасці.
Бываюць агульнага прызначэння (кузаў неперакульны) і спецыялізаваныя (самазвалы, бензавозы, бетанавозы, кантэйнеравозы, панэлявозы, рэфрыжэратары, фургоны і інш.); паводле кампановачнай схемы — капотныя (кабіна за рухавіком) і бескапотныя (кабіна над рухавіком); паводле грузападымальнасці — асабліва малой (да 0,5 т; гл.Пікап), малой (да 2 т; напр., УАЗ), сярэдняй (да 5 т; ГАЗ), вялікай (да 15 т; ЗІЛ, КамАЗ, КрАЗ, МАЗ, «Урал») і пазадарожныя грузавыя аўтамабілі асабліва вял. грузападымальнасці (больш за 15 т; БелАЗ, «Волат»), Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць.