ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),
англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МБРЫДЖСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,
адзін з кірункаў эканам. тэорыі. Узнікла ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Заснавальнік А.Маршал, асн. прадстаўнікі А.С.Пігу, Д.Робертсан. Даследавала заканамернасці развіцця асобных прыватных рынкаў, праблемы цэнаўтварэння, эканам. раўнавагі, дабрабыту і інш. Паклала пачатак сучаснаму мікраэканам. аналізу.
т. 8, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,
канцэпцыя, што разглядае грошы як асн. элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.Давандзаці, Ш.Мантэск’ё, Д.Юм, Д.Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.Фішэрам, А.Маршалам, А.С.Пігу, Дж.Кейнсам, М.Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал. чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.
т. 8, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)