Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРЭ́НАВЫЯ, мурэны (Muraenidae),
сямейства рыб атр. вугрападобных. Каля 18 родаў, больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах. Жывуць каля берагоў у расколінах камянёў, падводных гротах і пячорах. Найб. вядомыя М. родаў гімнаторакс (Gymnothorax), лікадонтыс (Lycodontis), мурэна (Muraena).
Даўж. ад 10 см да 3 м. Цела змеепадобнае, скура голая. Афарбоўка яркая, разнастайная, з плямамі і палосамі. Грудныя плаўнікі адсутнічаюць. Зубы шматлікія, доўгія, вострыя. Драпежнікі, кормяцца рыбамі, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У развіцці праходзяць стадыю лептацэфала (кароткае тупое рыла, закруглены хваставы плаўнік, слабая пігментацыя). Аб’ект промыслу. У некаторых відаў М. мяса ядавітае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКА́ЦЫІў біялогіі,
змена прыкмет арганізма (яго фенатыпу), што ўзнікае пад уплывам навакольнага асяроддзя і не звязана са зменай генатыпу. Фактары М. — асвятленне, вільготнасць, т-ра і інш.Напр., пігментацыя скуры ў чалавека (загар) пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў, форма лісця ў стрэлкаліста (надводнае — стрэлападобнае, што плавае — шырокае, падводнае — стужкападобнае). Узнікаюць М. ў межах нормы рэакцыі арганізма на змену асяроддзя і абмежаваны спадчыннымі задаткамі. Звычайна не перадаюцца наступным пакаленням, з’яўляюцца адаптыўнай рэакцыяй (павялічваюць прыстасаванасць да ўмоў існавання). Адрозніваюць М. ўзроставыя, сезонныя і экалагічныя. Асн. ўласцівасць — масавасць (аднолькавыя фактары выклікаюць амаль аднолькавыя змены ў генатыпічна падобных асобін). Выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы і заатэхніцы для павелічэння прадукцыйнасці раслін і жывёл. Прыватны выпадак М. — марфозы і фенакопіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),
хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Йапяразвальны герпес,
вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЁР,
вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).
Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, непаразітарныя хваробы раслін,
парушэнні структуры і функцый раслін у выніку неспрыяльных фіз. і хім. уздзеянняў на іх (пераважна абіятычных і антрапагенных) без удзелу фітапатагенных арганізмаў. Вельмі пашыраны. Выклікаюцца празмерна нізкімі або высокімі вільготнасцю (завяданне раслін, усыханне; вымаканне пасеваў. растрэскванне і сыходжанне пладоў і інш.), т-рай (вымярзанне раслін; апёкі, запал, цераззерніца; пры рэзкіх ваганнях — выправанне пасеваў, іх выпіранне, маразабоіны, адлуп кары, драўніны і інш.), асвятленнем (этыяляцыя, апёкі і інш.), кіслотнасцю глебы, недахопам, лішкам або незбалансаванасцю элементаў мінеральнага жыўлення раслін (паляганне раслін, фасцыяцыя, плямістасці, ненармальная пігментацыя лісця і інш.), градам, моцным ветрам ці дажджом, маланкай і інш. (паляганне, апёкі і інш.), таксічнымі для раслін і радыеактыўнымі рэчывамі выхлапных газаў, прамысл. і інш. адходаў (пыл, сажа, аксіды азоту, вугляроду, серы, альдэгіды, злучэнні фтору, хлору, цяжкіх металаў, этылен і інш.) і пестыцыдамі (апёкі, пабурэнне, плямістасці і засыханне лісця, прамянёвая хвароба і інш.); таксінамі некат. раслін і глебавых грыбоў, мех. пашкоджаннямі жывёламі і чалавекам. Парушаюць рост, развіццё (прыгнечанне, дэфармацыі), фотасінтэз (хларозы раслін), часта прыводзяць да заўчаснага старэння і адмірання частак (некроз) ці цэлых раслін, павышаюць іх успрымальнасць да ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб раслін, інш. патагенаў і шкоднікаў.
С.І.Бельская.
Неінфекцыйныя хваробы раслін: 1, 2 — азотнае і фосфарнае галаданне бульбы і кукурузы; 3 — калійнае галаданне бульбы (бронзавасць лісця); 4 — шкоднае дзеянне глебавай кіслотнасці на капусту; 5 — маразабоіны на ствале яблыні.