ПЯЧО́НАЧНІЦА,

род кветкавых раслін, тое, што пералеска.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЕ́СКА, пячоначніца (Hepatica),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і на У Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — П. высакародная, або звычайная (H. nobilis). Трапляецца ў лясах, на палянах, узлесках. Вырошчваюць як дэкар. расліны П. высакародную і вуглаватую (H. angulosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лопасцевае (нагадвае печань, адсюль другая назва), скурыстае, доўгачаранковае. Кветкі адзіночныя, правільныя. сінявата-ліловыя або белыя. Плод — шматарэшак. Лек., дэкар. расліны.

Пералеска высакародная.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БАВЫЯ ГРЫБЫ́,

група сям. базідыяльных грыбоў парадку афілафаральных. Вядома больш за 1 тыс. відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 200 відаў і формаў з 62 родаў: карыёл, летыпор, грыфала, гіменахета, шчыліналіснік, фомес, дэдалея, аксіпор і інш. Губавыя грыбы — актыўныя разбуральнікі драўніны. Пераважна сапратрофы, растуць на адмерлай драўніне, пнях, радзей на глебе, пашкоджваюць драўляныя збудаванні (дамавыя грыбы). Некат. паразіты, пасяляюцца на жывых дрэвах (напр., фелінус, інанотус, фамітопсіс), зніжаюць выхад дзелавой драўніны. Драўніна з пач. стадыяй пашкоджання некат. губавымі грыбамі (напр., сапраўдным, кляновым) мае прывабны ўзорысты малюнак і ідзе на выраб муз. інструментаў, сувеніраў. Губавыя грыбы мінералізуюць арган. рэчывы, садзейнічаюць аднаўленню ўрадлівасці глебы. Некат. маюць антыбіятычныя і інш. ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (чага, сапраўдная губа, лістоўнічная губка, ганадэрма), ёсць ядомыя (бяляк, пячоначніца звычайная, серна-жоўтая губа).

Міцэлій шматгадовы, гіфы тонкія, разгалінаваныя. Пладовыя целы адна-, двух- і шматгадовыя, масай да 10 кг, распасцёртыя (да 1,5 м), распасцёрта-адагнутыя, сядзячыя, некат. дыферэнцыраваны на ножку і шляпку шапку*; кансістэнцыя мясістая, скурыстая або дравяністая; колер ад белага, жаўтаватага і шэрага да чырвонага, бурага і чорнага. Пры адміранні высыхаюць. Гіменафор звычайна трубчасты, радзей лабірынтападобны або пласціністы. Споры цыліндрычныя, эліпса- ці шарападобныя, разносяцца ветрам.

А.​І.​Галаўко.

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)