Ф,

дваццаць трэцяя літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ф («ферт»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Φ («фі»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «ф», «ф’» у запазычаных словах («форма», «фигура»). Мела лічбавае значэнне «пяцьсот». Супала значэннем з літарай Ѳ («фіта») і ў дзелавой пісьменнасці была выцеснена апошняй. У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя губназубныя гукі «ф», «ф’» пераважна ў словах іншамоўнага паходжання («фабрыка», «фіялка» — «ф’ійалка»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 16, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)