Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДРАЦЯ́НІКІ,
лічынкі жукоў сям. чарнацелак і пылкаедаў, шкоднікі многіх с.-г. культур. Названы так за вонкавае падабенства да драцянікаў. У адрозненне ад іх у І. развітая верхняя губа, пярэднія ногі даўжэйшыя і таўсцейшыя за сярэднія і заднія; у лічынак чарнацелак цела знізу пляскатае, у пылкаедаў — цыліндрычнае. Найб. небяспечныя: павольнік пясчаны, чарнацелка кукурузная, пылкаед гарчычны і інш.
Да арт.Ілжэдрацянікі. Павольнік пясчаны: 1 — жук; 2 — пашкоджаныя ім усходы; 3 — лічынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ І ПЯСКУ́,
у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Індура. Паклад звязаны з камавымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял і пяскі шаравата- і буравата-жоўтыя, пяскі дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,4 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,7—15,9 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, супескі) 0,5—5 м. Жвірова-пясчаны матэрыял і пяскі прыдатныя ў дарожным буд-ве. Радовішча распрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАКУНЫ́ (Cicindela),
род жукоў сям. жужаляў (вылучаюць і падсям. С. — Cicindelinae). Каля 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць на травяністых месцах, на пяску. Перамяшчаюцца скачкападобнымі пералётамі (адсюль назва). На Беларусі адзіны від — С. пясчаны, або арэнарыя (C. arenaria), занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 6,5—22 мм. Цела ярка афарбаванае, пераважна з белым малюнкам на надкрылах. Галава вял., вочы пукатыя, сківіцы серпападобныя. Дзённыя драпежнікі, кормяцца пераважна насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн.м³, перспектыўныя 4,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАБІ́Н,
радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Скабін. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жаўтаваты, з бурымі плямамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру (буйней за 5 мм) 27,7%, ёсць уключэнні буйной галькі і дробных валуноў. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 45,9 млн.м³, перспектыўныя 1,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—29,4 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—10 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля в. Слабада. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жоўты, з лінзамі і гнёздамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі супеску і пяску, кандыцыйнага жвіру (буйнейшага за 5 мм) 24,3%, трапляюцца галька і валуны. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 31,9 млн.м³, перспектыўныя 122,3 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—33,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,1—8,2 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР (франц. barre),
пясчаны падводны вал у прыбярэжнай паласе марскога дна перад вусцем ракі (прывусцевы бар) або вузкая, выцягнутая ўздоўж берага наносная паласа сушы, што аддзяляе лагуну ад мора (берагавы бар). Утвараецца ад сукупнага дзеяння цячэння ракі, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў.