род птушак сям. качыных. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі, Афрыцы. Жывуць на марскіх узбярэжжах, у стэпавых, паўпустынных і пустынных ландшафтах па берагах азёр. Гняздуюцца ў норах, расколінах скал, пакінутых пабудовах, часам у кустоўі. На Беларусі адзначаны агар і П. звычайная (T. tadoma) — вельмі рэдкі гняздуючы і зімуючы від. П. хахлатая (T. cristata) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 60 см, маса да 1,65 кг. Афарбоўка пярэстая (рус. «пегая» — адсюль назва); спалучэнне белага, чорнага і рыжага колераў. Кормяцца пераважна расліннасцю, дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 12 (зрэдку да 18) яец. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.