БУГРЫ́ ПУЧЭ́ННЯ,
мярзлотныя формы рэльефу круглаватай формы, якія ўтвараюцца пры прамярзанні моцна ўвільготненых тоўшчаў горных парод і павелічэнні іх аб’ёму ў выніку лакальнага намнажэння лёду. Развіты ў тундры і лесатундры. Бываюць да 30—40 м вышыні і 300—400 м у дыяметры асновы. Падзяляюцца на ўласна бугры і гідралакаліты. Мясц. назвы бугроў пучэння: «булгуннях» (як.), «пінга» (амер.) і інш.
т. 3, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,
сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКАЛІ́Т (ад гідра... + лакаліт),
купалападобнае ўзвышэнне з ледзяным ядром, разнавіднасць бугроў пучэння (выш. 30—40 м, дыяметр падэшвы 300—400 м). Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні ва ўмовах гідрастатычнага напору. У Якуціі наз. булгунняхі, на Алясцы — пінга. На тэр. Беларусі гідракаліты ўтвараліся ў перыгляцыяльнай зоне мацерыковых зледзяненняў плейстацэну, рэшткі іх зрэдку трапляюцца на паверхні і ў пахаваным стане.
т. 5, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)