БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],

правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕ́РА—ЛА́МБЕРТА—БЭ́РА ЗАКО́Н,

вызначае паступовае аслабленне паралельнага монахраматычнага пучка святла пры распаўсюджванні яго ў паглынальным асяроддзі. Выражаецца формулай I = I0 exp(−μd) , дзе I — інтэнсіўнасць пучка святла, што прайшоў праз слой рэчыва таўшчынёй d, I0 — інтэнсіўнасць уваходнага пучка, μ — паказчык паглынання святла, які залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва. Для разбаўленага раствору паглынальнага рэчыва ў непаглынальным растваральніку μ = χC, дзе χ — паказчык паглынання святла на адзінку канцэнтрацыі C паглынальнага рэчыва ў растворы. Адкрыты ў 1729 П.Бугерам, падрабязна разгледжаны ням. вучоным І.​Г.​Ламбертам у 1760 і доследна правераны для раствораў ням. вучоным А.​Бэрам у 1852.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫНЕЙТРО́Н (n_ або n~),

антычасціца нейтрона, якая адрозніваецца ад яго знакамі барыённага зараду і магнітнага моманту. Зарэгістраваны ў 1956 амер. вучонымі пры рассейванні пучка антыпратонаў у рэчыве.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змяншэнне ступені палярызацыі святла. Назіраецца ў многіх аптычных з’явах, напр., пры рассейванні святла ў мутным асяроддзі або на матавай паверхні. Пры штучнай Д.с. палярызаванае святло змяняе стан палярызацыі ў часе, па папярочным сячэнні пучка або па спектры.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, а луб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́НЬ,

паняцце геаметрычнай оптыкі (светлавы) і геаметрычнай акустыкі (гукавы), што абазначае лінію, уздоўж якой распаўсюджваецца энергія выпрамянення, вылучаная ў пэўным напрамку кропкавай крыніцай святла ці гуку. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння вузкага пучка часціц (напр., электронны П.). П. у матэматыцы — тое, што замкнутая паўпрамая.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАЦЭНТРЫЧНЫ ПУЧО́К прамянёў,

пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРТУ́РА (ад лац. apertura адтуліна),

дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.

Вуглавая апертура (α) аптычнай сістэмы.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),

прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.

Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.

А.​П.​Ткачэнка.

Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.
Да арт. Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)