ПУЦЕ́ЙКА (Міхаіл Канстанцінавіч) (21.11.1913, в. Раўкуцевічы Мінскага р-на — 21.4.1945),

генерал-маёр (1944). Скончыў Мінскае пях. вучылішча (1937), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн., Паўн.-Зах., Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір батальёна, палка, нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік абарончых баёў у Прыбалтыцы, ліквідацыі Дзямянскага (Наўгародская вобл., Расія) плацдарма праціўніка, вызвалення Правабярэжнай Украіны, Яска-Кішынёўскай, Сандамірска-Сілезскай і Ніжнесілезскай аперацый. Смяротна паранены ў баі.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕ́ЙКА (Людміла Леанідаўна) (н. 13.3.1947, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Сярод твораў: габелены «Свята жыцця» (1984), «Палессе» (1985), «Кветкі Усць-Ілімску» (1986), «Вясна» (1990), трыпціх «Мой родны кут» (1997), жывапісныя кампазіцыі «Экспромт» (1986), «Вясковае лета» (1988), «Песня вясны», «Метамарфозы» (абедзве 1989), цыклы «Святло» (1991), «Кветкі зямлі» (1997—2000); серыя акварэляў «Вясна ў Гурзуфе» (1986) і інш. Творы вылучаюцца вытанчанасцю рысунка, багатай нюансіроўкай колеравых суадносін, ураўнаважанасцю кампазіцыі.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пуцейка. Габелен «Вясна». 1990.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕ́ЙКА (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 5.4.1941, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1967—91 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне жывапісу, у т. л. акварэлі. Творы вызначаюцца дакладнасцю перадачы выяў, скульптурнасцю мадэліроўкі аб’ёму, гарманічным спалучэннем чыстых каляровых плям, ураўнаважанасцю кампазіцыі: «Аўтапартрэт» (1961), «Край партызанскі» (1967), «Танцы ў Паланзе» (1975), «Новае возера» (1978), «Сям’я» (1979), «Эстафета» (1987), «Вясна» (1989), «Рыбакі на Прыпяці» ( 1993), «Аўтапартрэт з галубамі» (1997), «Няміга. Вячэрні звон» (1999), «Музыка» (2001), серыя «Пейзажы Іспаніі» (2000). Аўтар акварэльнага цыкла па матывах рамана М.​Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1995).

А.Пуцейка. Вясна. 1989.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пуцейка М. К. 8/635; 12/163

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),

вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст. маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш. франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.

Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст. маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.​Люрса.

На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.​Кішчанка, А.​Бельцюкова, Г.​Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.​Грыдзіна, В.​Дзёмкіна, Г.​Крываблоцкая, В.​Крывашэева, В.​Маркавец-Бартлава, Л.​Пятруль, Н.​Пілюзіна, Л.​Пуцейка, А.​Салохіна, С.​Свістуновіч, Л.​Сівакова, Л.​Скрыпнічэнка, Г.​Стасевіч, Н.​Сухаверхава, Г.​Юзеева-Шаблоўская, Т.​Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар. нац. габелена.

Літ.:

Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

Да арт. Габелен. П.​Бондар і Н.​Пілюзіна. Беларусь. 1982.
Да арг. Габелен. В.​Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.
Да арт. Габелен. Г.​Стасевіч. Купалле. 1982.
Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)