занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл.Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч.тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт.Пустынныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БСАНА ПУСТЫ́НЯ (Gibson Desert),
пустыня на З Аўстраліі, паміж. Вял. Пясчанай пустыняй на Пн і Вял. пустыняй Вікторыя на Пд. Пл. 240 км². Паверхня — друзаватае плато выш. 300—500 м, складзенае з дакембрыйскіх парод; на У — астанцавыя кражы з гранітаў і пясчанікаў выш. да 762 м, на З — саланчакі. Клімат трапічны пустынны. Ападкаў менш чым 250 мм за год. Рэдкія зараснікі хмызняковай акацыі і злака спініфекс. Пашавая жывёлагадоўля. Адкрыта ў 1873 англ. экспедыцыяй Э.Джайлса. Названа імем загінуўшага ўдзельніка экспедыцыі А.Гібсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНАЯ ПУСТЫ́НЯ,
тып пустыні ў халодных і сухіх высакагор’ях. Расліннасць разрэджаная, яе беднасць абумоўліваецца пераважна нізкімі т-рамі паветра. Пераважаюць паўхмызнячкі і падушкападобныя расліны. Пераважаюць высакагорныя пустыні на высокападнятых выраўнаваных тэрыторыях (Тыбецкае нагор’е, сырты Цэнтральнага Цянь-Шаня, Усходняга Паміра, пласкагор’і Андаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНА́Я ПУСТЫ́НЯ,
разнавіднасць халоднай пустыні з вельмі нізкімі т-рамі паветра ў раёнах Арктыкі і Антарктыды, а таксама ў гляцыяльна-нівальным поясе высокіх гор. Пераважаюць ледавікі; бедная разрэджаная расліннасць (накіпныя лішайнікі і імхі) трапляецца на свабодных ад лёду ўчастках сушы, у т. зв. аазісах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУБІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
пустыня ў Афрыцы, пераважна ў Судане, паміж р. Ніл і Чырвоным м., ад якога яе аддзяляе хрыбет Этбай. Размешчана на плато, што прыступкамі зніжаецца з У на З ад 1000 да 350 м. Шматлікія невысокія (1240 м) горы і масівы. Стараж.крышт. пароды на У выходзяць на паверхню, у зах.ч. перакрыты пяскамі, сабранымі ў дзюнныя грады. Трапляюцца ўчасткі камяністых і галечна-друзавых гамад.
Плато расчлянёна вял. колькасцю сухіх рэчышчаў рэк — вадзі. Клімат трапічны кантынентальны. Ападкаў каля 25 мм, гадамі не бывае. Сярэднія т-ры ліп. вышэй за 30 °C; макс.т-ра больш за 40 °C, сярэднія т-ры студз. 15 °C, абсалютны мінімум -2 °C. Рэзкія сутачныя перапады т-р прыводзяць да інтэнсіўнага выветрывання. Расліннае покрыва вельмі беднае, месцамі поўнасцю адсутнічае. Сустракаюцца ксерафітныя злакі (арыстыда), калючыя хмызнякі і паўхмызнякі (джузгун, тамарыск, сахарскі дрок, парналіставік, рэамюрыя). Жывёлагадоўля. Праз Н.п. праходзяць чыгунка і аўтастрада, якія звязваюць гарады Вадзі-Хальфа і Абу-Хамед на р. Ніл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У Афрыцы, на З ад р. Ніл, у межах Лівіі, Егіпта і Судана; паўн.-ўсх.ч. Сахары. Пл. каля 2 млн.км². Паўн.ч. нізінная, укрыта пяскамі, які ўтвараюць дзюны выш. да 300 м; на ПнУ — глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Катара, 133 м ніжэй узр. м., Сіва, Бахарыя, Фаюм і інш.). Паўд.ч. — камяністае або пясчанікавае плато выш. 400—500 м з асобнымі астанцовымі масівамі выш. да 1934 м (г. Эль-Увейнат). Клімат трапічны, пустынны, на Пн — субтрапічны міжземнаморскі, паўпустынны. Ападкаў месцамі менш за 25 мм за год (выпадаюць не штогод), на Пн — 50—100 мм. Расліннасць вельмі бедная — пустынная акацыя, тамарыск, палыны. Каля калодзежаў і выхадаў грунтавых вод рэдкія аазісы: Сіва, Фаюм, Джалу, Дахла, Куфра, Фарафра. Аазісы Фаюм і Харга звязаны чыгункай з далінай Ніла.