ЛА́НДЫ (франц. landes ад гальскага landa пустка),

ландшафт пустак у прыморскіх абласцях Зах. Еўропы з вільготным атл. кліматам. У складзе расліннасці пераважаюць вечназялёныя хмызнякі і травы. У вузкім разуменні — пясчаныя алювіяльныя нізіны на ПдЗ Францыі, уздоўж узбярэжжа Біскайскага заліва. Даўж. 230 км, аддзелены ад мора паласой дзюн шыр. 7—8 км.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ШЧЫЦ (Фердынанд) (10.12.1870, б. маёнтак Багданава, Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 30.10.1936),

жывапісец, графік, тэатр. мастак і педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Літвы. Вучыўся ў К.​Ермалаева ў Мінску, скончыў Пецярбургскую АМ (1897). Праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904—07), Кракаўскай АМ (1907—08), аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та (1919—32). У творчасці наследаваў традыцыі бел., рус., польскага, франц. мастацтва, у некат. творах адметны ўплыў мадэрну. Сац. матывы гучаць у творах «Каля касцёла» (1899), «У свет» (1901), «Эмігранты» (1902), эпічнасць і сімволіка — у творы «Зямля» (1898). Лірычнасцю і эмацыянальнай выразнасцю вызначаюцца пейзажы «Вясна» (1897, 1907), «Млын зімою» (1897), «Млын ноччу» (1898), «Млын» (1899), «Пустка (Асенні вецер)», «Восень» (абодва 1901), «Зімовая казка» (1904), «Лясны ручай», «Берагі Вілейкі». Рэаліст. паказам роднай прыроды вылучаюцца карціны «Мінск зімою» (1895), «Крэва» (1899), «Мост зімою» (1901), «Былое» (1903), «Багданава» (1905), «Зіма», «Бледнае сонца» і інш. Творам уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, выдатныя каларыстычныя якасці. Працаваў таксама ў графіцы: выконваў ілюстрацыі да перыяд. выданняў Вільні, Варшавы, Кракава; аўтар станковых работ «Залаты пакой» (1913), «Сям’я», «Аўтапартрэт», «Дрэвы над вадой» і інш. Аформіў шэраг спектакляў у т-ры Н.​Младзяёўскай-Шчуркевіч у Вільні: «Ліля Венеда» (1909), «Князь Нязломны» (1910) і «Балядына» (1914) Ю.​Славацкага, «Вяселле» (1910), «Варшавянка» (1914) і «Лістападаўская ноч» (1930) С.​Выспянскага.

Л.​У.​Салодкіна.

Ф.Рушчыц.
Ф.Рушчыц. Пустка (Асенні вецер). 1901.

т. 13, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЭ́ЧА.

пустка, біягеацэноз, які ўтвараецца на месцы лесу, знішчанага высечкамі або пажарамі. Сустракаюцца ў моцна ўвільготненых раёнах умеранага пояса з халаднаватым кліматам на рыхлапясчаных, радзей звязнапясчаных глебах, глыбокаападзоленых, кіслых, вельмі бедных арган. рэчывамі. На Беларусі П. часцей паяўляюцца ў выніку парушэння правіл правядзення меліярац. работ на прылеглых да асушаных балот пясчаных прасторах, таксама на мінер. «астравах» сярод вял. балот, месцы мелказалягаючых тарфяных глеб, якія ператвараліся ў малаўрадлівыя тарфяна-мінер. глебы ў выніку інтэнсіўнага с.-г. выкарыстання. Характарызуюцца нізкай біял. прадукцыйнасцю і экалагічнай няўстойлівасцю. Паводле складу другаснай расліннасці вылучаюць травяністыя, лішайнікавыя (баравыя), імховыя, кустовыя (ядлоўцавыя) і кусцікавыя П. У расл. покрыве пераважаюць вечна зялёныя расліны з сям. верасовых, кіпарысавых, міртавых, бабовых і інш. У натуральным стане з’яўляюцца лесапаляўнічымі ўгоддзямі, уваходзяць у зямельны фонд, які падлягае рэкультывацыі. На П. арганізуюцца рэкрэацыйныя зоны, садова-агароднінныя т-вы і інш.

Л.​В.​Круглоў.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)