Пускавы рухавік 8/629—630

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ ТОК,

ток, які спажываецца з эл. сеткі электрарухавіком у момант пуску. Можа ў шмат разоў пераўзыходзіць намінальны ток рухавіка, таму патрабуе абмежавання.

У асінхронных рухавікоў з фазным ротарам для абмежавання сілы П.т. ў ланцуг ротара паслядоўна ўключаюць пераменны токаабмежавальны рэзістар (пускавы рэастат). Сілу П.т. магутных сінхронных і асінхронных рухавікоў часам абмяжоўваюць рэактарамі электрычнымі (у выглядзе шпуль індуктыўнасці). Абмежаванне П.т. неабходна і для змяншэння пускавога моманту паводле ўмоў мех. трываласці валоў і інш. частак механізмаў або для дасягнення больш плаўнага пуску рухавіка ва ўмовах вытв. працэсу. Для розных мэт і ўмоў існуе разнастайная пускарэгулявальная апаратура.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,

карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАРЭГУЛЯВА́ЛЬНАЯ АПАРАТУ́РА,

сукупнасць эл. прылад і апаратаў для пуску, спынення і інш. відаў кіравання рэжымам работы эл. машын, установак і сетак, а таксама для іх аховы пры адхіленнях ад нармальнага рэжыму работы. Да П.а. адносяць выключальнікі, засцерагальнікі, камутатары, кантактары, пускальнікі магнітныя, рэактары электрычныя, рэверсары (гл. Рэверс у тэхніцы), рэле кіравання, камандаапараты, пускавыя рэастаты і інш.

Камандаапарат — эл. апарат для адно- ці шматступеньчатых пераключэнняў у ланцугах кіравання сілавых эл. установак. Для дыстанцыйнага кіравання карыстаюцца яго разнавіднасцямі (камандакантролерамі) з ручным, нажным ці сервапрыводам ад спец. выканаўчага механізма. Пускавы ток магутных эл. рухавікоў абмяжоўваюць з дапамогай пускавых рэастатаў — пераменных рэзістараў у ланцугу рухавіка. Рэастаты бываюць метал. (драцяныя), вадкасныя (эл. супраціўленне рэгулюецца плошчай апускання плоскага электрода ў электраліт) ці вугальныя (слупкі з вугальных шайбаў, эл. супраціўленне якіх мяняецца пры іх сцісканні). Пры канструяванні П.а. ўлічваюцца патрабаванні тэрмічнай устойлівасці, надзейнасці і зносаўстойлівасці кантактаў і пераключальных элементаў і трываласці эл. ізаляцыі, напр., элементы П.а. з эл.-мех. кантактамі замяняюцца больш эканамічнымі і надзейнымі, зробленымі на аснове тырыстарных і транзістарных ключоў, магн. і паўправадніковых элементаў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.

Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.​В.​Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм.стартавага комплексу.

Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.

Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.

С.​Б.​Мілаванаў.

Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)