Пулкаўская абсерваторыя, гл. Астранамічная абсерваторыя Акадэміі навук СССР Галоўная 9/591
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛКАЎСКАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
гл. Галоўная астранамічная абсерваторыя АН Расіі.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛКАЎСКІЯ ВЫШЫ́НІ,
ланцуг узгоркаў на Пд ад С.-Пецярбурга, у Расіі. Выш. да 73 м. На паўн. узгорку — Гал. астр. абсерваторыя (Пулкаўская) Рас. АН. У раёне П.в. мемарыяльны комплекс «Пулкаўскі рубеж» (1967).
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЛО́Ў (Аляксандр Паўлавіч) (10.12.1798, С.-Пецярбург — 21.1.1877),
рускі архітэктар. Прадстаўнік позняга класіцызму. Брат К.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, потым у Пецярбургскай АМ (1810—21). Вывучаў архітэктуру ў Італіі (1822—26) і Францыі (да 1830). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (1831—71). Паводле яго праектаў у Пецярбургу ўзведзены Міхайлаўскі т-р (1831—33), будынак Штаба гвардзейскага корпуса на Дварцовай плошчы (1837—43), Пулкаўская абсерваторыя каля Пецярбурга (1834—39). У некаторых працах наследаваў гатычнай архітэктуры. Стварыў шэраг акварэльных партрэтаў.
т. 3, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ АН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,
навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.
Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.
Я.У.Чайкоўскі.
т. 4, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,
навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж. астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
Г.П.Макеева.
т. 2, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)