ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),

Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд. гіст.-філал. н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.​Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».

А.​А.​Семянчук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,

рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж. бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел. літ. мовы.

П з. выяўлены ў 1846 В.​Бадзянскім. Даследаваны А.​Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.​Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.​Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.​Рачынскага ў Познані (Польшча).

Літ.:

Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),

збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш. Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал. дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.

Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлер ВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.​Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац. гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас. Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.​І.​Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.

Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.​К.​Любаўскага, М.​В.​Доўнар-Запольскага, М.​А.​Максімейкі, І.​І.​Лапы, У.​І.​Пічэты, І.​А.​Маліноўскага, Г.​Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.​Л.​Пташыцкі, М.​Г.​Беражкоў, П.​К.​Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.

Літ.:

Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;

Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;

Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;

Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;

Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

Да арт. Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.

т. 10, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІГАЗНА́ЎСТВА,

навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл. Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.

Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.​Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.​С.​Сопікаў, В.​Р.​Анастасевіч, М.​М.​Лісоўскі, А.​М.​Лавягін, М.​А.​Рубакін, М.​М.​Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).

На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.​Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.​Будны, В.​Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.​Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.​М.​Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.​А.​Гільтэбрант, Ф.​М.​Дабранскі, А.​І.​Мілавідаў, С.​Л.​Пташыцкі, Р.​А.​Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж. бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.​І.​Бібіла, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Мялешка, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Шчакаціхін, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.​Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.​Ю.​Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.​Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук. АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел. ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.​Х.​Александровіч, М.​Б.​Батвіннік, Г.​Я.​Галенчанка, А.П. і В.​П.​Грыцкевічы, Л.​І.​Збралевіч, А.​К.​Каўка, Г.​В.​Кісялёў, У.​М.​Конан, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​В.​Мальдзіс, Я.​Л.​Неміроўскі, М.​В.​Нікалаеў, С.​А.​Падокшын, Т.​І.​Рошчына, І.​В.​Саверчанка, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі, В.​Ф.​Шматаў, Я.​Я.​Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.​А.​Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш. тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел. бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.​Панькоў, М.​Вакар, Л.​Акіншэвіч, В.​Тумаш (С.​Брага), А.​Надсон, В. і З.​Кіпелі, Я.​Запруднік, А.​Ружанец-Ружанцоў і інш. Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.​Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.

Літ.:

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Белороссика: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1980;

Книга в Белоруссии. Вып. 1—2. Мн., 1981—83;

Мигонь К. Наука о книге: Очерк проблематики: Пер. с пол. М., 1991.

В.​М.​Герасімаў.

т. 8, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)