ПСАЛО́М, псалм,

псалмы (ад грэч. psalmos песня пад акампанемент арфы, хвалебная песня),

рэлігійнае песнапенне са Старога запавету.

Прыпісваюцца цару Давіду (канец 11 ст. — каля 950 да н.э.). Складаліся на працягу некалькіх стагоддзяў да н.э. вядомымі і ананімнымі паэтамі. У 1—3 ст. адбывалася пераасэнсаванне стараж.-грэч. царквой яўр. П. і песень прарокаў, пашырэнне іх у грэч. і лац. перакладах [грэч. зб. «Псалтэрыён» (бел. назва «Псалтыр») канчаткова склаўся ў 5—4 ст. да н.э.; колькасць і нумарацыя П. у розных песенніках не супадае]. У 2 ст. кананізаваны. П. — крыніца шматлікіх царк. пеўчых жанраў (хвалебныя, услаўляльныя песнапенні, малітвы). Яны фарміраваліся рознымі кірункамі: вольнае камбінаванне асобных строф і радкоў (антыфон, бязгрэшны, паліялей); ператварэнне прыпеваў да П. у самаст. жанры (алілуарый, пракімен); чаргаванне П. з новымі жанрамі: паміжпсалмія седальны, (з увядзеннем хрысціянства гэтыя жанры прыняты і правасл. царквой); для бытавога, хатняга ўжытку прызначаліся пазабогаслужэбныя вершаваныя паэтычныя пераклады П. з рыфмай і рыфмоўкай, з выкарыстаннем прынцыпова новых метадаў вершаскладання (адсюль т. зв. рыфматворныя псалтыры пазацарк., свецкага характару, а пакладзеныя на музыку, набывалі стылістыку канта, станавіліся псальмамі, якія маюць бытавыя танц. і нар. песенныя вытокі). П. пашыраны ў правасл. богаслужэнні. Псалтыр — настольная кніга ў правасл. богаслужэнні. У каталіцкім богаслужэнні большасць П. выкарыстана ў песнапеннях месы. У старажытнасці П. выконваліся антыфонна двума унісоннымі харамі. У сярэднія вякі сталі асновай гімнаў і інш. муз.-паэт. форм. У 14 ст. з’явіліся шматгалосыя П. Вял. папулярнасць у Францыі мелі гугеноцкія П. К.​Гудымеля (1565 — у 4-галосай апрацоўцы, у наступных выданнях — гамафонныя), у Польшчы П. з польскага 4-галосага «Псалтыра цара Давіда» Я.​Каханоўскага — М.​Гамулкі (1580), у Нідэрландах П.​Я.​Клеменса-«не папы».

На Беларусі былі папулярныя псалтыры Яна Любельчыка (1558), Каханоўскага—Гамулкі, аднагалосы Мацея Рыбіскага (1598, 1617, 1632, 1642, 1744 і інш.) — пераклад на польскую мову псалтыра Гудымеля, ням. зб-кі духоўных песень. Да тэкстаў П. звярталіся замежныя (Ф.​Мендэльсон, Ф.​Ліст, І.​Брамс, З.​Кодай) і рус. (І.​Стравінскі) кампазітары.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́БІН (Дзмітрый Віталевіч) (н. 27.6.1963, Мінск),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1986), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладаў у Бел. харэаграфічным вучылішчы, з 1988 у Бел. пед. ун-це. У творчасці спалучае традыцыйныя і авангардныя метады кампазіцыі. Сярод твораў: кантаты «Беларускія песні» на нар. тэксты (1996), «Адышоўшыя строфы» на вершы Ф.​Цютчава (1998); «Псалом IX» для дзіцячых галасоў, габоя, аргана, 2 туб і ўдарных (1994); канцэрт для скрыпкі і сімф. арк. (1993); «Музыка для горада Нясвіжа» для камернага арк. (1997); «Апошняя працэсія» для 2 фп., трубы, ударных і магнітнай стужкі; «Водгукі беларускіх народных песень» для падрыхтаванага фп.; хар. цыкл «Малітвы» ў суправаджэнні чэлесты і ўдарных; вак. цыкл «Песні змроку і світанку» (абодва на вершы А.​Блока).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДАЙ ((Kodály) Золтан) (16.12.1882, г. Кечкемет, Венгрыя — 6.3.1967),

венгерскі кампазітар, музыказнавец-фалькларыст, педагог; адзін з заснавальнікаў венг. кампазітарскай школы 20 ст. Чл. Венг. АН (з 1943, у 1946—49 прэзідэнт). Ганаровы чл. Бельг. АН (1957), ганаровы праф. Маск. кансерваторыі (1963). Скончыў Акадэмію музыкі (1905) і ун-т (1906) у Будапешце. З 1907 выкладаў у Вышэйшай муз. школе (у 1919 і 1921—40 віцэ-дырэктар). З 1905 вывучаў венг. муз. фальклор, запісаў каля 3,5 тыс. нар. напеваў і танц. мелодый. Разам з Б.Бартакам выявіў найб. стараж. пласт венг. муз. фальклору, заснаваны на пентатоніцы. Яго музыцы, глыбока нац. у сваёй аснове, характэрны арганічны сплаў класічнай еўрап. традыцыі і муз. стылістыкі пач. 20 ст., спалучэнне тэндэнцый неакласіцызму, рамантызму і імпрэсіянізму. Вядомасць К. прынеслі «Венгерскі псалом» (1923) і героіка-камічная опера «Хары Янаш» (1926). Сярод інш. твораў: опера «Секейская прадзільня» (паст. 1924); «Будаварскі Te Deum» (з арганам, 1936), Missa brevis (1944) для хору, салістаў і арк.; сімфонія (1961), «Танцы з Марашсека» (1930), «Танцы з Галанты» (1933), канцэрт (1940) для сімф. аркестра; камерна-інстр. ансамблі («Венгерскае ронда», 1917); п’есы для фп.; хары a cappella; цыклы песень для голасу з фп. Аўтар падручнікаў па спевах, метадычных зборнікаў па муз. выхаванні і інш. Прэзідэнт Міжнар. т-ва нар. музыкі, Міжнар. т-ва муз. выхавання (абодвух з 1963). Прэміі імя Л.​Кошута 1948, 1952, 1957.

Літ. тв.: Рус. пер. — Венгерская народная музыка. Будапешт, 1961.

Літ.:

Мартынов И.И. Золган Кодай. 2 изд. М., 1983;

Эсе Л. Золтан Кодай: День за днем: Пер. с венг. М., 1980.

Т.​А.​Шчарбакова.

З.Кодай.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)