Прэспа

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРЫ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА

(Ohrid),

возера ў Македоніі і Албаніі. Размешчана ў міжгорнай катлавіне на выш. 695 м. Пл. 348 км². Глыб. да 285 м. Падземнымі карставымі поласцямі злучана, магчыма, з воз. Прэспа. З Ахрыдскага возера выцякае р. Чорны Дрын (сцёк у Адрыятычнае м.). Суднаходства. Рыбалоўства. Да Ахрыдскага возера прымыкае нац. парк Галічыца (Македонія). Узбярэжжа Ахрыдскага возера. — курортная зона, на берагах — гарады Охрыд (Македонія), Паградэц (Албанія).

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс. км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб. выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б. ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ

(Hellas),

Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс. км², у т. л. 24,8 тыс. км² астравы. Нас. 10,5 млн. чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г. Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).

Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за 4/5 тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс. м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд. ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4°C на Пн да 10—12°C на Пд, ліп. 24—28°C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб. воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.

Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл. Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл. Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв. т-ва «Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон І у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац. англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон І. У 1863 грэч. каралём стаў Георг І (гл. ў арт. Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт. Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар. фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл. Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч. Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн. чал. Пры каралю Канстанціне І [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт. Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл. ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля 1/3 тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел І, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл. ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш. Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.

Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн. т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд. кВт·гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн. т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс. т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст. прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч. прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн. га пад ворывам, 1,2 млн. га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля 1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн. т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн. т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн. т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля 1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж. гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн. т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс. км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс. км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд. дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд. дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал. гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс. чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс. чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс. чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс. чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац. археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац. маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.

Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст. Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).

Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч. нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-ва грэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт. Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст. буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац. б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш. Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.

Музыка. Грэч. муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл. Грэцыя Старажытная). З 4 ст. грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац. муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес. муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч. нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч. муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерьггыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж. сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.

Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант. тэатр. мастацтва (гл. Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г. тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац. т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс. тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч. нар. т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш. Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст. т-р, Грэч. нар. т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.

Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн. хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.

Літ.:

Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;

Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг. М., 1990;

Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;

Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;

Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;

Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;

Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;

Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НІЯ

(Shqipëria),

Рэспубліка Албанія (Republika e Shqipërisë), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на З Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй, на У з Македоніяй, на ПдУ і Пд з Грэцыяй; на З абмываецца водамі Адрыятычнага і Іанічнага мораў. Праліў Отранта аддзяляе Албанію ад Італіі. Пл. 28,7 тыс. км². Нас. 3,4 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Тырана. Падзяляецца на 26 адм. адзінак (рэці). Афіц. мова — албанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці Албаніі (28 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле Закону аб асн. палажэннях канстытуцыі ад 29.4.1991 Албанія — парламенцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы орган дзярж. улады і заканад. орган — Нар. сход. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. На ПнПаўн.-Албанскія Альпы (Праклетые), на У — хрыбты Таморы, Корабі (выш. да 2764 м), Дэшаты, Ябланіца, на Пд — адгор’і хр. Пінд. На астатняй тэр. краіны асобныя горныя масівы, на У катлавіна Корча. На ўзбярэжжы мора і цэнтр. частцы — узгорыстыя раўніны. Горы складзены з вапнякоў і сланцаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалеза-нікелевыя, медныя і хромавыя руды, баксіты, бітум, буры вугаль, соль і інш. Клімат на раўнінах і на ніжніх схілах гор субтрапічны міжземнаморскі (сярэдняя т-ра студз. -8...-9 °C, ліп. 24—25 °C), у гарах — умераны; снегавое покрыва трымаецца тут некалькі месяцаў. Ападкаў 800—1000 мм на раўнінах, 1000—2000 мм у гарах. Рэкі горныя, кароткія і мнагаводныя; найбольшыя Дрын, Шкумбіні, В’ёса, Семані, Маты; часткова належаць Албаніі буйныя тэктанічныя азёры: Шкодэр (Скадарскае), Ахрыдскае, Прэспа. На раўнінах і ніжніх схілах гор — субтрапічныя хмызнякі і лясы, вышэй — шыракалістыя і хваёвыя лясы (пад лесам каля 43% тэр.), вышэй за 2000 м — альпійскія лугі.

Насельніцтва. Каля 97% — албанцы, жывуць таксама грэкі, македонцы, чарнагорцы, цыганы і інш. Сярод вернікаў — каля 70% мусульман-сунітаў і 30% хрысціян (20% праваслаўныя, 10% католікі). Натуральны прырост каля 20 чал. на 1 тыс. чал. за год. Ва ўзроставай структуры насельніцтва больш за палавіну — асобы да 25 гадоў. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 119 чал. на 1 км² (1994), на раўнінах да 200—300 чал. на 1 км². У прам-сці занята 53% самадз. насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 47%. Гар. насельніцтва 36,1% (1990). Буйнейшыя гарады (1990) — Тырана (243 тыс. ж.), Дурэс (85 тыс. ж.), Эльбасан (83 тыс. ж.), Шкодэр, Влёра. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 23 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць 32,9 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Албаніі жылі ілірыйцы, якія ў 4—3 ст. да н.э. ўтварылі сваю рабаўладальніцкую дзяржаву. З 2 ст. да н.э. Албанія ўваходзіла ў склад Рымскай, з 395 — Візантыйскай імперый. Нашэсце вестготаў і гунаў у канцы 4—5 ст. н.э., пранікненне слав. плямёнаў у 6—7 ст. прывялі да разбурэння рабаўладальніцкага ладу, з 8 ст. пачалі фарміравацца феад. адносіны. У 9—пач. 11 ст. Албанія ў складзе Першага балг. царства, пасля яго падзення (1018) — у складзе Візантыі. У 2-й пал. 11 ст. прыбярэжную ч. Албаніі захапілі нарманы. У канцы 12 ст. на Пн Албаніі ўзнікла незалежная алб. дзяржава — Арберыйскае княства. У гэты час з’явіўся этнонім «албанцы». Пазней Албанія ўваходзіла ў склад Эпірскага царства, Неапалітанскага і Сербскага каралеўстваў, была пад уладай Венецыі. З 14 ст. пачалося тур. заваяванне Албаніі. У 1443 барацьбу супраць туркаў узначаліў Скандэрбег (Георг Кастрыёці), які стварыў саюз алб. князёў і армію. Пасля яго смерці саюз распаўся, і да 1479 туркі захапілі амаль усю Албанію. Іх панаванне і жорсткі прыгнёт прывялі да заняпаду гасп.-эканам. і культ. жыцця, да паўстанняў алб. народа ў 1481, 1537, 1571. У 2-й пал. 18 ст. на тэр. Албаніі ўзніклі 2 паўнезалежныя феад. дзяржавы: фактычна незалежнымі кіраўнікамі паўн. і цэнтр. Албаніі ў 1757—1831 былі прадстаўнікі алб. феад. роду Бушаці; паўд. Албаніі, Эпірам і Фесаліяй у 1787—1822 кіраваў Аліпаша Тэпеленскі. Аднак тур. ўлады падпарадкавалі і гэтыя раёны. У сярэдзіне 19 ст. пачаўся рух алб. адраджэння. У 1878 узнікла Албанская ліга і абвясціла сябе ўрадам. Пасля разгрому лігі кіруючая роля ў вызв. руху перайшла да асветных т-ваў, створаных за мяжой. На пач. 20 ст. нац.-вызв. рух актывізаваўся (гл. Албанскае паўстанне 1912). У час 1-й Балканскай вайны, калі паўстала пытанне пра падзел Албаніі паміж Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй, сход прадстаўнікоў розных раёнаў краіны абвясціў 29.11.1912 незалежнасць Албаніі, быў сфарміраваны ўрад на чале з І.Кемалі. Краіны Антанты, фармальна прызнаўшы незалежнасць Албаніі, у 1913 устанавілі над ёю пратэктарат. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на абвешчаны нейтралітэт, тэр. Албаніі акупіравалі італьян., грэч. і серб. войскі, а сакрэтны Лонданскі дагавор 1915 паміж краінамі Антанты і Італіяй ліквідаваў незалежнасць Албаніі. 21—31.1.1920 алб. Нац. кангрэс пацвердзіў незалежнасць Албаніі. Да ўлады прыйшла групоўка на чале з феадалам А.Зогу, антынар. палітыка якой выклікала незадаволенасць у краіне. У чэрв. 1924 у Албаніі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам арг-цыі «Башкімі». Новы ўрад на чале з Ф.Нолі распрацаваў праграму дэмакр. рэформаў. У снеж. 1924 урад Нолі быў скінуты Зогу. 25.1.1925 Албанія абвешчана рэспублікай, Зогу — яе прэзідэнтам, а 1.9.1928 — каралём. У краіне ўсталяваўся дыктатарскі рэжым, у яе эканоміцы панаваў італьян. капітал. У крас. 1939 — вер. 1943 Албанія акупіравана фаш. Італіяй. У краіне разгарнуўся рух Супраціўлення, у якім удзельнічалі партыі камуністычная, «Балі камбетар», «Легалітэт» і інш. Летам 1943 з партыз. атрадаў сфарміравана Нац. вызв. армія. Пасля капітуляцыі Італіі Албанію акупіравала фаш. Германія (вер. 1943—ліст. 1944). 25.4.1944 на кангрэсе ў г. Перметы створаны Антыфаш. нац.-вызв. к-т Албаніі, які 20.10.1944 пераўтвораны ў Часовы дэмакр. ўрад на чале з Э.Ходжам. 11.1.1946 Албанія абвешчана Нар. рэспублікай, 14.3.1946 прынята канстытуцыя. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны прадпрыемствы, банкі, транспарт, абвешчаны пераход да планавай гаспадаркі і будаўніцтва сацыялізму. Але камуніст. партыя Албаніі (з 1948 Албанская партыя працы) устанавіла таталітарны рэжым. У 1961 улады краіны, незадаволеныя крытыкай культу асобы Сталіна, разарвалі дыпламат. адносіны з СССР, у 1978 — са сваім асн. ідэалаг., знешнепаліт. і эканам. партнёрам Кітаем і апынуліся ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. У снеж. 1976 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Нар. Сацыяліст. Рэспубліку Албанія. Пасля смерці Ходжы (1985) Алб. партыю працы ўзначаліў Р.Алія, які пачаў адыход ад сталінскай і кітайскай мадэляў сацыялізму, ад палітыкі самаізаляцыі. З 1989 у Албаніі пачаўся працэс распаду таталітарнай сістэмы. Дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця спадарожнічала абнаўленне дзярж.-прававых структур, узнікла легальная апазіцыя, якая аформілася ў паліт. партыі. У сак. 1991 адбыліся першыя парламенцкія выбары на шматпарт. аснове. У кастр. 1991 прынята новая канстытуцыя, краіна стала называцца Рэспублікай Албаніяй. Аднак няўстойлівасць унутрыпаліт. і эканам. сітуацыі прывяла да змены трох урадаў і правядзення ў сак. 1992 датэрміновых парламенцкіх выбараў. Прэзідэнт Алюаніі — С.Берыша, прэм’ер-міністр — А.Мексі (з крас. 1992). Албанія — член ААН (1955), АБСЕ (1991), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (1992). Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.5.1993.

Палітычныя партыі: Дэмакратычная партыя Албаніі (дамінуе ў кіраванні краінай), Албанская сацыялістычная партыя, Сацыял-дэмакр. партыя Албаніі, Саюз за правы чалавека, Алб. рэсп. партыя, Алб. дэмакр. альянс і інш.

Гаспадарка. Эканамічна найменш развітая краіна Еўропы. Прам-сць дае 67% валавой прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 5,0 млрд. кВт·гадз (1992), ГЭС на рэках Дрын, Маты. Развіта горназдабыўная прам-сць: храмітаў (больш за 1 млн. т у 1990, вядучае месца ў Еўропе), меднай руды (каля 1 млн. т), бурага вугалю (2,1 млн. т), нафты (1,1 млн. т), азбесту (0,6 млн. т), прыроднага бітуму. Вядзецца нафтаперапрацоўка (Сталін, Фіеры, Цэрык). Ёсць чорная і каляровая металургія (Эльбасан, Бурэлі, Лячы, Шкодэр), хім. прам-сць (пераважна вытв-сць угнаенняў, соды ў Фіеры, Лячы, Влёры), маш.-буд. і металаапр. (Тырана, Дурэс, Эльбасан), лесапільная, дрэваапр. і папяровая прам-сць (Пн і цэнтр краіны). Вядучае месца па аб’ёме прадукцыі займаюць харч. і лёгкая прам-сць. Вылучаецца вытв-сць аліўкавага алею, тытунёвых вырабаў, кансерваў з садавіны. Ёсць прадпрыемствы тэкст. (Тырана, Берат), трыкат. (Корча), гарбарна-абутковай (Тырана, Дурэс), цэментнай (Тырана) прам-сці. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пасяўная пл. 704 тыс. га, каля палавіны яе штучна арашаецца (1990). Пераважаюць збожжавыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс, ячмень), меншая плошча пад тэхн. культурамі (тытунь, сланечнік, цукр. буракі, соя), бульбай і гароднінай. Развіта садоўніцтва (значныя плошчы пад аліўкамі) і вінаградарства. Гал. раёны земляробства — З краіны і катлавіна Корча. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, козы, свінні) горна-пашавая. Гал. від транспарту аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 7,5 тыс. км, у т. л. 2,9 тыс. км асфальтаваных, чыгункі 720 км. Гал. марскія парты Дурэс, Влёра, Саранда. Знешнегандлёвы абарот 6,1 млрд. лекаў (1990), у т. л. экспарт — 2,3, імпарт — 3,8 млрд. Албанія экспартуе храміты, медзь, нафтапрадукты, асфальт, прадукты жывёлагадоўлі, тытунь, масліны, цытрусавыя, драўніну і інш.; імпартуе машыны і прамысл. абсталяванне (31% імпарту), харч. прадукты (пераважна збожжа), медыкаменты і інш. Гандл. партнёры: Італія, Германія, краіны Балканскага пва і Усх. Еўропы. Грашовая адзінка — лек.

Узброеныя сілы Албаніі налічваюць 48 тыс. чал. (1991), складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухапутных войскаў на ўзбраенні танкі, палявая і зенітная артылерыя, стралк. зброя; у ВПС — баявыя і трансп. самалёты, верталёты; у ВМС — падводныя лодкі, караблі і катэры розных класаў. Ваенна-марская база — Влёра. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульным воінскім абавязку, прызыўны ўзрост — 18 гадоў. Тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках — 2, у ВПС, ВМС і спец. часцях — 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у ваен. вучылішчах і акадэміі. Ёсць таксама ваенізаваныя арг-цыі і падпарадкаваныя МУС войскі ўнутр. бяспекі, пагранвойскі.

Асвета, навуковыя ўстановы. У 1989 у Албаніі больш за 3,2 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (121 тыс. дзяцей да 5 гадоў). 1,7 тыс. пач. школ (547 тыс. вучняў, 27,9 тыс. настаўнікаў), 43 сярэднія агульнаадук. школы (больш за 59 тыс. вучняў, 1,8 тыс. настаўнікаў). Прафес. адукацыю даюць ніжэйшыя (1—2-гадовыя) і сярэднія (3—4-гадовыя) прафшколы і тэхнікумы на базе няпоўнай сярэдняй школы (у іх вучылася больш за 135 тыс. чал.). У ВНУ — Тыранскі дзярж. ун-т (засн. ў 1957), 2 с.-г., 3 пед. ін-ты, тэатральны, выяўл. мастацтваў, заатэхнічны, фіз. культуры, кансерваторыя — займаліся 25 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Тыране, універсітэцкая. Музеі: археалагічны, этнагр., барацьбы за нац. вызваленне, гістарычны. Навук. даследаванні вядуцца ў ін-тах Акадэміі навук (засн. 1973), на ф-тах ун-та.

Друк, радыё, тэлебачанне. З некалькіх дзесяткаў перыяд. выданняў найбуйнейшыя газеты: «Zeri i Popullit» («Голас народа»), «Republika» («Рэспубліка»), «Alternativa» («Альтэрнатыва»), «Bashkimi» («Адзінства»). Дзярж. інфарм. агенцтва — Алб. тэлегр. агенцтва (АТА, з 1944). Тэлебачанне з 1960. Дзейнічае дзярж. арг-цыя «Албанскае радыёвяшчанне і тэлебачанне». Цэнтр. радыёстанцыя — «Тырана». Працуюць радыёстанцыі ў некаторых абл. цэнтрах.

Літаратура. Вытокі алб. л-ры ў фальклоры. Лічыцца, што стараж. пласт культуры і пісьменства знішчаны тур. заваёўнікамі. Самы ранні пісьмовы твор — «Формула хрышчэння» (1462) епіскапа Паля Энгелы. У канцы 15 — пач. 16 ст. атрымалі вядомасць працы гістарыёграфаў і гуманістаў, у т. л. «Гісторыя жыцця і подзвігаў Скандэрбега» (1508—10) М.Барлеці. Першую друкаваную кнігу на алб. мове — службоўнік «Мэшары» (1555) — склаў і выдаў Г’ён Бузуку. Паслядоўнікамі яго былі: П.Будзі — буйнейшы прадстаўнік паэзіі алб. барока, рэфарматар пісьма, аўтар духоўна-асв. кніг «Хрысціянская дактрына» (1618) і «Рымскі рытуал» (1621); Ф.Бардзі — складальнік першых лац.-алб. слоўніка (1635), зб. фальклору, жыццяпісу нац. героя Скандэрбега; П.Багдані — аўтар багаслоўскіх прац. На працягу стагоддзяў тур. панавання ў л-ры трохканфесіянальнага алб. народа назіралася збліжэнне з суседнімі культурамі: паэты-«бэйтэджы» трымаліся пераважна перс. і тур. узораў, грэкафілы цягнуліся да ант. і візант. традыцый, «арберэшы» (алб. эмігранты ў паўд. Італіі) былі прыхільнікамі рымска-каталіцкага кірунку развіцця. Уздым алб. л-ры прыпадае на 19 ст., праяўляецца ў плыні рамантызму. Найб. значныя прадстаўнікі К.Крыстафарыдзі, І.Дэ Рада, З.Серэмбе, В.Шкадрані (П.Васа), Ф.Мітка, С.Фрашэры. Заснавальнікам новай алб. л-ры лічыцца паэт Наім Фрашэры. У пач. 20 ст. ў л-ры ўсталёўваецца метад крытычнага рэалізму, пераважае публіцыстыка. Сярод найб. прызнаных пісьменнікаў перыяду паміж сусв. войнамі А.Чаюпі (А.Чака), Асдрэні (А.С.Дранова), Мігені (М.Д.Нікола), М.Грамена, Ф.Нолі. Дасягненні алб. л-ры сацыяліст. перыяду звязаны з імёнамі Дз.Шутэрычы, Ш.Мусарая, С.Спасе, Ф.Арапі, І.Кадары. Пасляваен. пакаленне прадстаўляюць: М.Каламата, В.Какона, К.Буджэлі, Дз.Джувані, Т.Ляча, Б.Муча. Л-ра на алб. мове ствараецца таксама прадстаўнікамі алб. нац. меншасці, якія жывуць у Югаславіі (краі Косава, Метохія).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. Албаніі адносяцца да 1-га тыс. да н.э. Ад ант. эпохі (з 7 ст. да н.э.) захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў, грамадскіх і жылых дамоў, мазаік і керамікі на месцах грэч. калоній (Апалонія Ілірыйская, Бутрынт Дурэс і інш.), рымскіх умацаваных гарадоў (Эльбасан і інш.). У царк. архітэктуры сярэднявечча ў цэнтры і на Пд пераважалі збудаванні візант. тыпу (цэрквы ў вёсках Ляўдары і Мбор’я, 13—14 ст., у г. Васкапоя, 17—18 ст.); на Пн, дзе быў пашыраны каталіцызм, — раманскага тыпу (сабор у в. Шасі, цэрквы ў вёсках Вау-і-Дэес і Аботы, усе 13 ст.). З пашырэннем у 17 ст. ісламу ў гарадах з’яўляюцца мячэці, палацы знаці (сараі), крытыя рынкі (безыстэні). Да сярэдзіны 20 ст. ў большасці гарадоў Албаніі пераважалі 2-павярховыя, мураваныя або з мураваным ніжнім і дашчаным верхнім паверхамі жылыя дамы, крытыя чарапіцай. У горных раёнах да пач. 20 ст. ўзводзіліся «кулы» — вежападобныя збудаванні з навяснымі байніцамі. Выяўл. мастацтва Албаніі ў сярэднявеччы развівалася пад уплывам Візантыі. Раннія помнікі фрэскавага жывапісу адносяцца да 12—14 ст. (размалёўка царквы Тройцы ў в. Ляўдары і інш.). З 16 ст. заўважаецца ўплыў італьян. Адраджэння, узмацніліся рэаліст. тэндэнцыі (размалёўкі Ануфрыя з Неакастра, Давіда з Селеніцы). З канца 18 ст. да пач. 20 ст. асноўным відам выяўл. мастацтва быў іканапіс, які прытрымліваўся візант. традыцый. У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся творы станковага жывапісу (Н.Марціні, С.Дзега), у 1920-я г. — скульптура (першы алб. скульптар Паскалі). У 1940—50-я г. ў жывапісе і скульптуры ўзмацніўся рэаліст. кірунак, развіваліся гіст., бытавы, партрэтны, пейзажны жанры (мастакі С.Рота, В.Міо, Н.Займі, С.Кацэлі, скульптары Я.Пача, Л.Нікола і інш.), з’явіліся кніжная ілюстрацыя, плакат. Нар. дэкар.-прыкладное мастацтва Албаніі прадстаўлена традыц. філіграннымі сярэбранымі ўпрыгожаннямі, шарсцянымі бязворсавымі дыванамі, паліхромнай разьбой па дрэве, дэкар. размалёўкамі.

Музыка. Народнае муз. мастацтва фарміравалася пад уплывам суседніх балканскіх і італьян. культур, элементаў турэцкай музыкі. Разнастайны ў жанравых і стылявых адносінах песенны і песенна-танцавальны фальклор мае рэгіянальныя адрозненні, вылучаюцца паўд., цэнтр. і паўн. традыцыі. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны струнныя — чыфтэлі, ляхута, скрыпка, духавыя — зумарэ, кларнет, гайда (валынка), ударныя — даулэ, барабаны і бубны. Прафес. муз. культура Албаніі развіваецца з 1940-х г. У 1950—60-я г. створаны першыя оперы («Мрыка» К.Кона, 1958), балеты («Халіль і Хайрыя» Ч.Задэі, 1963), аперэты («Світанне» Кона, 1954), сімфанічныя, вак.-сімф. і камерна-інстр. творы. Сфарміраваліся выканальніцкая і кампазітарская школы: кампазітары Кона, Задэя, Н.Зарачы, Д.Лека, К.Трака, П.Якова, Т.Дая, Т.Харапі, Ф.Ібрахімі, К.Ляра, спевакі М.Края, А.Муля, І.Тукічы, дырыжоры М.Кранцья, М.Вака і інш. У Тыране працуюць Маст. ліцэй з муз. аддзяленнем (з 1947), філармонія (1950), Т-р оперы і балета (1956), Дзярж. ансамбль песні і танца (1958), кансерваторыя (1962). Саюз пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва (з секцыяй музыкі, 1956).

Тэатр. Вытокі сучаснага алб. т-ра ў стараж. культуры ілірыйцаў. Першыя тэатр. прадстаўленні ў Албаніі адбыліся ў канцы 19 ст. Творы нац. драматургаў С.Фрашэры, А.Чаюпі і інш. у пач. 20 ст. ставілі аматарскія трупы. У 2-ю сусв. вайну ў час італьян. акупацыі ўзніклі тэатр. гурткі ў партыз. атрадах; у 1944 у г. Перметы арганізавана Цэнтр. тэатр. трупа пры Нац. вызв. арміі. У 1945 створаны першы прафес. т-р — Дзярж. тэатр (народны тэатр) у Тыране. У рэпертуары п’есы алб. драматургаў К.Яковы, Б.Левоні, С.Пітаркі, Ф.Г’яты, а таксама У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ж.Б.Мальера. Прафес. т-ры створаны таксама ў Шкодэры, Корчы, Дурэсе. Сярод тэатр. дзеячаў: С.Міо, П.Стылу, М.Поні, Л.Кавачы, Л.Філіпі, Б.Імамі. З 1959 у Тыране працуе Вышэйшае акцёрскае вучылішча імя А.Моісі.

Кіно. Кінематаграфія ў Албаніі пачалася ў 1950-я г. з хранік. фільмаў. У 1952 пабудавана кінастудыя «Новая Албанія» (Тырана). Сумесная праца алб. і сав. кінематаграфістаў над фільмам «Вялікі воін Албаніі Скандэрбег» (1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Кане) — першая спроба ў галіне маст. кінематаграфіі. З 1958 наладжаны выпуск маст. поўнаметражных карцін («Тана», «Зямля ў полымі», «Група Супраціўлення», «Аперацыя — агонь», «Канцэрт у 1936 годзе»), здымаюцца навукова-папулярныя фільмы. Сярод рэжысёраў К.Дама, Г.Гакані, М.Фейза, Г.Эрэбара.

В.М.Сасноўскі (прырода, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), І.А.Чарота (літаратара), А.М.Гарохавік (музыка).

т. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)