ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),

танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер. дыск-жакеем А.​Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.​Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.​Прэслі, Ч.​Бэры, Л.​Рычард і інш.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)