МІ́НСКІ ЗАВО́Д ЭНДАКРЫ́ННЫХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Засн. ў 1959 у Мінску. З 1970 працуе цэх па вытв-сці шпрыцаў аднаразовага карыстання з ін’екцыйнымі растворамі, з 1976 — аміячна-кампрэсарнае аддзяленне, з 1996 — аддзяленне па вытв-сці гатовых форм інсуліну. Мае 5 цэхаў. З 1977 у ВА «Мінмедпрэпараты» (АТ «Белмедпрэпараты») як вытв-сць эндакрынных прэпаратаў. Асн. прадукцыя (1999): прэпараты групы інсуліну, гепарын, андэкамін, лідаза, тэмалін, ацыдзін-пепсін, тырэаідзін і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Пабудаваны ў 1961—65 у г. Барысаў як фармацэўтычная ф-ка. У 1969—90 хіміка-фармацэўтычны з-д. У 1984 пабудаваны корпус таблетачнага цэха, у 1990 — ампульнай вытв-сці. Дзейнічаюць участкі: галенавы, таблетачны, ампульны, друкарска-картанажны. Асн. прадукцыя (1995) — гатовыя лекавыя сродкі: растворы ў ампулах і парашкі для ін’екцый, таблеткі, настоі, экстракты, каплі, мазі, пасты.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Створаны ў 1929 у Мінску як хім.-фармацэўтычны з-д, з 1947 пеніцылінавы з-д, з 1949 з-д № 495, з 1954 з-д медпрэпаратаў, з 1977 галаўное прадпрыемства ВА «Мінмедпрэпараты» (з 1986 «Белмедпрэпараты»). У 1949 даў першую партыю пеніцыліну, у 1951 — стрэптаміцыну, заменнікаў крыві: у 1959 — поліглюкіну, у 1964 — фераглюкіну, у 1971 — рэаполіглюкіну. Асн. прадукцыя (1999): антыбіётыкі, кровазаменнікі, ферментныя, гарманальныя і антыгарманальныя прэпараты, вітаміны, антысептыкі, імунастымулятары, сродкі для наркозу, анкапрэпараты і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Засн. ў 1901 за 4 км ад Нясвіжа ва ўрочышчы Альба (цяпер у г. Нясвіж Мінскай вобл.) як спіртзавод. У 1961 на базе Альбінскага спіртзавода створаны з-д кармавога біяміцыну (выпускаў біяміцын і рызатарфін). У 1983 пабудаваны цэх па выпуску рызатарфіну. У 1985 уведзена лінія па вытв-сці лекавага прэпарата баліз-2, з-д перайменаваны на біяхімічны. З 1991 асвоены выпуск салявых раствораў для ін’екцый, з-д атрымаў сучасную назву. Асн. прадукцыя (2000) — растворы: натрыю хларыд ізатанічны, глюкоза, дысоль, трысоль, хласоль, гемадэз, глюгіцыр, навакаін і інш.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛМЕДПРЭПАРА́ТЫ»,

адкрытае акц. т-ва ў Мінску. Створана ў 1977 як ВА «Мінмедпрэпараты» на базе Мінскага з-да мед. прэпаратаў (галаўное прадпрыемства, працуе з 1929) і Мінскага з-да эндакрынных прэпаратаў (працуе з 1959). З 1986 ВА «Белмедпрэпараты», з 1995 акц. т-ва. Выпускае больш за 150 відаў лек. сродкаў (1995): антыбіётыкі, кровазамяшчальнікі, прэпараты для парэнтэральнага жыўлення, арганатэрапеўтычныя прэпараты, гатовыя лек. формы інсулінаў, гематаген дзіцячы і тырэаідзін у гранулах, сіроп парацэтамолу, прэпараты першай неабходнасці і інш. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца ў касметыцы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬКО́ (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 29.9.1962, г. Камянец Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і фармакалогіі. Д-р мед. н. (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1985). З 1993 у Віцебскім філіяле н.-д. клінічнага Ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі (з 1999 дырэктар). Навук. працы па хірургіі, трансплантацыі органаў і тканак з выкарыстаннем пралангаваных прэпаратаў, тэхналогіях атрымання дэпоформ імунасупрэсантаў, цытастатыкаў і антыбіётыкаў, новых біятэхналогіях вытв-сці дыягнастычных прэпаратаў.

Тв.:

Протезирование трахеи. Витебск, 1995 (у сааўт.);

Эндопротезирование дыхательных путей (у сааўт.) // Здравоохранение. 1998. № 11.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТУІТРЫ́Н,

водны экстракт задняй долі гіпофіза забойнай жывёлы; лекавы сродак з групы гарманальных прэпаратаў. Утрымлівае гармоны аксітацын і вазапрэсін. Выкарыстоўваюць у акушэрскай практыцы, пры нецукровым дыябеце, начным нетрыманні мачы.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМІ́Н (франц. carmin ад араб. кірміз — кашаніль + лац. minium кінавар),

чырвоны фарбавальнік, які здабываюць з цел бяскрылых самак насякомых кашанілі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі гісталагічных прэпаратаў, як харч. і парфумерны фарбавальнік.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКАРТЫЗО́Н, кортыкастэроід,

гармон кары наднырачнікаў. У мед. практыцы выкарыстоўваюць як адзін з гарманальных прэпаратаў, процізапаленчы і проціалергічны сродак, павышае ўстойлівасць арганізма да інфекцый. Назначаюць пры рэўматызме, бранхіяльнай астме, лейкеміі, эндакрынных і інш. хваробах.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́ДЫ МЕТА́ЛАЎ,

неарганічныя злучэнні агульнай формы M(NH2)n (M — метал, n — ступень акіслення металу). Аміды шчолачных металаў стабільныя крышт. рэчывы, цяжкіх металаў — выбухованебяспечныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем металаў з аміякам. Аміды натрыю выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сінт. індыга, лек. прэпаратаў (амідапірыдзінаў), вітаміну A і інш.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)