МІКЛАШЭ́ЎСКІ Яўген Васілевіч (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.
Адбыўся 5—6.7.2001 у Мінску. Прысутнічалі 139 дэлегатаў і 35 гасцей з 18 краін свету, якія прадстаўлялі 72 арг-цыі бел. дыяспары; 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі, у ліку якіх былі прадстаўнікі дзярж. структур, замежных пасольстваў, міжнар. арг-цый АБСЕ і ААН. Арганізаваны Міжнар. грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»), Мэты: кансалідацыя бел. нацыі, умацаванне бел. грамадзянскай супольнасці. З’езд прыняў дэкларацыі «Наш шлях: вартасці і мэты», «Беларуская дыяспара і свет»; рэзалюцыі аб дзейнасці МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», аб падтрымцы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і кансалідацыі бел. дыяспары; заяву аб бел. мове і інш. У прынятай з’ездам Праграме «Замежная беларуская супольнасць у XXI стагоддзі (асноўныя дзеянні па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары да 2005 г.)» вызначаны гал. задачы: стварэнне Дзярж.к-та па дыяспары, прыняцце закона «Аб беларускай дыяспары», абарона правоў бел.нац. меншасці ў краінах яе пражывання праз заключэнне адпаведных міждзярж. пагадненняў. На з’ездзе працавалі секцыі: бел. дыяспара: праблемы і перспектывы; бел. навука, культура, л-ра і мастацтва на Радзіме і ў замежжы; бел.сусв.інфарм. прастора. Адбылася прэзентацыякн. «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001). З’езд спрыяў умацаванню цесных сувязей паміж МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» як гал. арг-цыяй у метраполіі і бел. суполкамі ў замежжы, удакладніў перспектыўныя кірункі шматузроўневага ўзаемадзеяння (эканам., інфарм., культурніцкага) беларусаў на Радзіме і за мяжой дзеля супольнай карысці, прапанаваў механізмы вырашэння актуальных праблем нац. жыцця ў галіне навукі. эканомікі, адукацыі і культуры, падсумаваў вынікі працы за міжз’ездаўскі перыяд. Выбраў Вял. раду (134 чал.), прэзідэнта МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» (А.Грыцкевіч), старшыню Рады (А.Макоўская).