ПРЭВЕНТЫ́ЎНЫ НАГЛЯ́Д у крымінальна-выканаўчым праве,
форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВЕНТЫ́ЎНАЯ ВАЙНА́ (франц. préventif ад лац. praevenio апярэджваю, папярэджваю),
вайна, пачатая для апярэджвання праціўніка з прычыны пагрозы нападу з яго боку. Часта пачынаецца і па фальшывай прычыне. Прыкладам такіх войн з’яўляюцца пачатак савецка-фінляндскай вайны 1939—40, 2-й сусв. вайны 1939—45. З 1980-х г. тэрмін П.в. трансфармуецца ў паняцце «прэвентыўны ўдар» і выкарыстоўваецца для дэкларацыі магчымасці нанясення прэвентыўных ракетна-ядз. і інш. удараў па патэнцыяльным агрэсары. У 2-й пал. 20 ст. большасць войн пачыналася з нанясення прэвентыўных удараў. Гл. таксама Маланкавая вайна.
В.І.Рамязкоў.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗІ́МАСЦЬ у праве,
юрыдычныя вынікі, якія звязаны з вынясеннем абвінаваўчага прыгавору і дзейнічаюць пасля адбывання вінаватым устаноўленага пакарання. С. разглядаецца як абцяжваючая адказнасць, акалічнасць пры ўчыненні новага злачынства. Наяўнасць С. можа пацягнуць пэўныя абмежаванні ў выбары месца пражывання і месца працы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь за асуджаным пры пэўных умовах на працягу тэрміну С. можа ажыццяўляцца прафілактычнае назіранне або прэвентыўны нагляд. Тэрміны пагашэння С. ўстаноўлены заканадаўствам з улікам характару ўчыненага злачынства, віду і тэрміну пакарання. Пагашэнне або зняцце С. анулюе ўсе прававыя вынікі, звязаныя з С. Гл. таксама Рэцыдыў злачынстваў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 15, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)