ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,

сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці і сац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам, аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі і г.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі і інш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).

В.​І.​Стражаў.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ,

сістэма комплекснага даследавання прычынна-выніковых сувязяў у дзейнасці суб’ектаў гаспадарання з мэтай выяўлення рэзерваў павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці і выпрацоўкі аптымальных кіраўніцкіх рашэнняў; адна з асн. функцый у сістэме кіравання вытв-сцю на розных узроўнях — ад цэха прадпрыемства да мін-ва, карпарацыі. Ажыццяўляецца на аснове звестак уліку (уключаючы і аператыўны ўлік), дае магчымасць выявіць адхіленні паказчыкаў вытв.-гасп. дзейнасці ад запланаваных, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры для рэгулявання вытв. працэсу і карэкціравання праграмы (плана). Аб’ект аналізу — вытв.-гасп. дзейнасць, прадмет — прычынна-выніковыя сувязі, што фарміруюць і змяняюць вынікі гэтай дзейнасці, метад — сістэмны і комплексны падыходы да даследавання аб’екта з выкарыстаннем адпаведных методык. У залежнасці ад узроўню і маштабу кіравання аналіз гаспадарчай дзейнасці бывае: унутрыгаспадарчы (унутрыфірменны), галіновы, міжгаліновы ці рэгіянальны, народнагаспадарчы. У залежнасці ад віду кіравання вытв-сцю вылучаюць: аператыўны аналіз гасп. дзейнасці (для аператыўнага ці кароткатэрміновага кіравання), бягучы ці перыядычны аналіз (для бягучага ці сярэднетэрміновага кіравання), перспектыўны ці доўгатэрміновы аналіз (для пэўнай мэтавай сістэмы). У навук. л-ры вылучаюць і інш. віды аналізу гаспадарчай дзейнасці: у залежнасці ад абагульнення аб’екта даследавання (агульнаэканам. аналіз) ці яго дзялення (фін. аналіз), вылучэння асобных яго мэтаў (прагнозны аналіз) ці пераважных спосабаў даследавання (параўнальны аналіз).

В.​І.​Стражаў.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЫ́НА І ВЫ́НІК,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць генетычную сувязь паміж асобнымі станамі аб’ектаў і сістэм; дыялектычныя процілегласці, якія знаходзяцца ў адзінстве і пры пэўных умовах пераходзяць адна ў адну. Узнікненне любых аб’ектаў і сістэм і змена іх уласцівасцей у часе маюць падставы ў папярэдніх станах; гэтыя падставы наз. прычынамі, а змены, якія выклікаюцца імі — вынікам. Вынік пэўных прычын становіцца ў сваю чаргу прычынай інш. з’яў, адваротна ўздзейнічае на сваю прычыну і выклікае яе змену. Параджэнне прычынай выніку і адваротнае ўздзеянне на прычыну складаюць сутнасць прычынна-выніковай сувязі (прычыннасці).

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМЕ́ННЕ,

універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),

працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш. змены ў арганізме пры хваробе.

Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАТЫ́ЎНАЕ КІРАВА́ННЕ,

сістэма кіравання вытворчымі, сацыяльнымі і інш. аб’ектамі для аператыўнага забеспячэння іх функцыянавання ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай. Аб’екты аператыўнага кіравання — розныя бакі вытв. і сац. працэсаў: напр., работа зборачнага цэха, пастаўка сыравіны, збыт прадукцыі, вырашэнне жыллёва-бытавых праблем і інш. Яго сутнасць — мэтавае накіраванне працэсу прычынна-выніковых сувязяў і ўзаемадзеянне элементаў у аб’екце кіравання. Аператыўнае кіраванне ўключае: аператыўнае планаванне (распрацоўка аператыўных планаў, праграм, нормаў, нарматываў з давядзеннем заданняў да выканаўцаў), аператыўны ўлік (адлюстраванне вынікаў вытв. ці сац. працэсаў), аператыўны аналіз (своечасовае выяўленне і вымярэнне фактараў, якія выклікаюць адхіленні ад планавых заданняў, гл. Аналіз гаспадарчай дзейнасці), аператыўнае рэгуляванне (выпрацоўка кіраўніцкіх рашэнняў і арганізацыя іх выканання для ліквідацыі прычын адхілення працэсу ад запланаваных параметраў). Практычна аператыўнае кіраванне пачынаецца з аператыўнага планавання, затым на працягу кароткага часу (дэкады, тыдня, сутак, змены і інш.) фіксуюцца вынікі вытв. працэсу, на аснове якіх выяўляюцца прычыны збояў і адхілення ад планавых заданняў і прымаецца рашэнне па рэгуляванні вытв. ці сац. працэсаў у адпаведнасці з планам. У сістэму аператыўнага кіравання ўваходзяць функцыі, якія выконваюць дапаможную ролю ці стымулююць дзейнасць спецыялістаў (арганізацыя, каардынацыя, кантроль, матывацыя і інш.).

Літ.:

Стражев В.И. Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;

Саламатин Н.А., Фель А.В., Шишкина Е.Л. Оперативное управление производством. М., 1993.

В.​І.​Стражаў.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.

Літ.:

Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;

Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. in не- + дэтэрмінізм),

філасофскае вучэнне і метадалагічная пазіцыя, якія адмаўляюць аб’ектыўнасць прычыннай сувязі (анталагічны І.) або яе універсальны характар і пазнавальную каштоўнасць у навуцы (метадалагічны І.); вучэнне аб свабодзе волі. У стараж.-грэч. філасофіі (Пратагор, Сакрат) уяўленні аб свабодзе волі звязваліся з паняццямі дабрачыннасці і доблесці чалавека, яго здольнасці да выбару мэты сваёй дзейнасці і сродкаў яе дасягнення. Паводле І.​Канта, практычны розум патрабуе свабоды волі, інакш маральны закон страціў бы ўсякі сэнс. І.​Фіхтэ бачыў у волі аснову асобы, якая рэалізуе сябе ў пераадоленні розных перашкод, у свабоднай творчасці і вызваленні ад знешніх аковаў. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму і персаналізму сцвярджаюць, што свабода асобы неадчужальная і незнішчальная, а любыя спробы яе падаўлення або абмежавання супярэчаць прыродзе і характару чалавечай супольнасці. Прыхільнікі псіхал. І. (А.​Адлер, А.​Маслаў, К.​Роджэрс, Э.​Фром) лічылі, што воля залежыць ад унутр. матываў, якія вынікаюць з асабістых уласцівасцей індывіда і не падпарадкаваны якой-н. прычыннай сувязі, унутр. духоўнай заканамернасці. Зыходзячы з канцэпцыі І., прадстаўнікі розных плыней ідэаліст. філасофіі не прызнаюць магчымасці заканамерных прычынна-выніковых сувязей у некат. фіз. і біял. з’явах (напр., мікрапрацэсы, свабодны рух электронаў, генныя мутацыі і інш.) і лічаць фаталізмам адно з гал. палажэнняў гіст. дэтэрмінізму аб развіцці грамадства як заканамерным працэсе пераходу ад адной грамадска-эканам. фармацыі да другой.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБЫЛІ́ЦЫ,

фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш. Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.

Літ.:

Ивлева Л.М. Скоморошины: (Общие пробл. изучения) // Славянский фольклор. М., 1972;

Федорова В.П. Небылицы // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1975. Вып. 1;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)