Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР 2/65; 7/373, 424, 547; 12/56

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ (НДзК) па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР. Створана паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 2.11.1942 з дзярж. і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры (старшыня М.​М.​Швернік). У рэспубліках, краях, абласцях, гарадах і раёнах ствараліся камісіі садзеяння НДзК. Бел. рэсп. камісію (створана ў пач. 1944) узначальваў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. Дзейнічалі Бабруйская, Баранавіцкая, Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Маладзечанская, Мінская, Палеская, Пінская, Полацкая абл. камісіі садзеяння. Паводле звестак камісіі страты СССР склалі 679 млрд. руб. (у цэнах 1941), у Беларусі ням.-фаш. захопнікі знішчылі больш за 2,2 млн. сав. грамадзян, разбурылі і спалілі 209 гарадоў і гар. пасёлкаў, 9200 вёсак, разбурылі і вывезлі ў Германію больш за 10 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, прычынілі матэрыяльныя страты на суму 75 млрд. руб. Акты, паведамленні і інш. матэрыялы камісіі шырока выкарыстоўваліся на Нюрнбергскім працэсе, на працэсах у Мінску, Гомелі, Бабруйску і інш. і былі прызнаны бясспрэчнымі доказамі па справах ням. ваен. злачынстваў.

Кр.: Нюрнбергский процесс: Сб. материалов. Т. 1—2. 3 изд. М., 1955; Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944. 2 изд. Мн., 1965.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр. дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ. за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВК БССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.​І.​Ляшук.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)