ПРЫЧА́Л,

сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.

Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.

Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОН (ад галанд. boom бервяно; перашкода, шлагбаум),

1) плывучы прычал для малых суднаў. Абсталёўваецца грузападымальнымі механізмамі, прыстасаваннямі для падачы на судны паліва, вады, сціснутага паветра, пары.

2) Плывучая загарода са звязаных пантонаў, паплаўкоў ці бярвёнаў. Бонам перагароджваюць фарватэры, уваходы ў порт, што ахоўвае стаянкі суднаў ад варожых надводных і падводных караблёў, тарпедаў, плывучых мін. Разводная частка бона — бонавыя вароты.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНЫ́ ВАКЗА́Л,

комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў рачнога транспарту і выканання грузавых, паштовых і багажных аперацый у рачных партах. Да Р.в. адносяцца прывакзальная плошча, пасажырскі будынак (з памяшканнямі для чакання і адпачынку пасажыраў і інш.) і прычал. Пасажырскі будынак Р.в. ўзводзяць на прыбярэжных участках з улікам навігацыйных патрабаванняў, гідрагеал. умоў, зручнасці сувязі з асн. магістралямі нас. пункта. На Беларусі Р.в. ў Гомелі, Мазыры, Пінску і інш.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)