КАЛА́НДР (франц. calandre ад calandrer пракатваць, глянцаваць),

машына (прэс) з сістэмай валоў (ад 2 да 20), паміж якімі прапускаюць матэрыял (тканіну, паперу, гуму, пластмасу) для надання яму шчыльнасці, гладкасці, глянцавітасці, нанясення цісненнем малюнкаў або ўзораў. Прыцісканне валоў адбываецца рычагова-грузавымі, пнеўматычнымі ці гідраўлічнымі прыстасаваннямі. Выкарыстоўваецца ў тэкст., папяровай, гумавай вытв-сці, пры вырабе палімерных плёнак і вырабаў з пластмас.

Каландр.

т. 7, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ННЫЯ АРТЭ́РЫІ,

крывяносныя сасуды, якія забяспечваюць галаву і большую частку шыі пазваночных жывёл і чалавека крывёй. Размешчаны ў вобласці шыі. Прыцісканне С.а. выклікае страту прытомнасці (адсюль назва).

У чалавека агульныя С.а. адыходзяць справа ад плечагалаўнога ствала, злева — ад дугі аорты; кожная з іх падзяляецца на вонкавую і ўнутр. артэрыі. Вонкавая забяспечвае крывёю вобласць шыі, твару, галавы, адпаведныя мышцы і органы, цвёрдую мазгавую абалонку; унутр. — галаўны мозг, вочы, вобласці лба і носа. Паміж галінамі вонкавай і ўнутр. С.а. існуюць шматлікія злучэнні — анастамозы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)