судна для перавозкі круглага лесу і піламатэрыялаў. Мае павялічаныя памеры грузавых люкаў, звычайна адну палубу, прыстасаванні для пагрузкі, перамяшчэння і выгрузкі грузаў. Грузавыя памяшканні прыстасаваны для ўкладкі лесаматэрыялаў асобнымі адзінкамі і ў пакетах. Грузападымальнасць да 30 тыс.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЧКА, тарантас,
выязны чатырохколавы экіпаж для коннай запрэжкі, прыстасаваны для камфортнай пасажырскай язды. Кузаў быў звычайна адкрыты, больш нізкі ў сярэдняй частцы, з падножкамі для пасадкі, козламі для вазніцы, сядзеннем для пасажыраў. З’явілася ў Зах. Еўропе ў 17 ст., на Беларусі пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. (ёю карысталася пераважна шляхта і заможныя сяляне). З шырокага ўжытку выйшла ў 1930—40-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАРД-ПЛАН (Howard Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́, андрэіды (Andreaeidae),
падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.
Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТО́МЕТР (ад грэч. bathos глыбіня + ...метр),
прылада для адбору проб вады з пэўнай глыбіні вадаёмаў. З дапамогай батометра вывучаюць фіз.-хім. і сан. ўласцівасці вады і завіслыя ў ёй прымесі. Бываюць імгненнага напаўнення (марскі і рачны батометры) і працяглага напаўнення (батометр-бутэлька, вакуумны батометр). Донныя батометры прыстасаваны да адбору проб наносаў. Некаторыя батометры спалучаны з тэрмометрамі, якія фіксуюць т-ру на глыбіні адобру пробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́ЧЫЯ РЫ́БЫ (Exocoetidae),
сямейства рыб атр. сарганападобных. 7 родаў, больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Трымаюцца чародамі.
Даўж. да 50 см. Грудныя плаўнікі размешчаны высока, доўгія і шырокія, прыстасаваны да планіруючага палёту над вадой (сродак ратавання ад драпежнікаў). Пралятаюць у паветры да 400 м на выш. да 10 м. Орган РУХУ — хваставы плаўнік. Планктафагі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЁГРАФ (ад гелія... + ...граф),
1) у метэаралогіі самапісная прылада для рэгістрацыі працягласці сонечнага ззяння. У аснове канструкцыі геліёграфа Кэмпбела—Стокса нерухомы шкляны шар. Ён служыць лінзай і збірае сонечныя промні, якія прапальваюць кардонную стужку, падзеленую на адпаведныя гадзіне і яе часткам адрэзкі. Па даўжыні прапаленай «зайчыкам» (які на працягу дня перамяшчаецца па стужцы) лініі падлічваецца час, калі свяціла Сонца. Існуюць і інш. сістэмы геліёграфа, у т. л. з фатаграфічнай рэгістрацыяй. Як геліёграф могуць выкарыстоўвацца актынографы.
2) У астраноміі тэлескоп, прыстасаваны для фатаграфавання Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭ́ЙНЕР (англ. Container ад contain змяшчаць),
шматабаротная тара ў выглядзе стандартнай ёмістасці для перавозкі грузаў спец.кантэйнеравозамі, суднамі, аўтамабілямі, чыг. платформамі.
Грузы пры кантэйнерных перавозках не выгружаюць з К. аж да прыбыцця на склад атрымальніка, самі ж К. прыстасаваны для механізаванай пагрузкі і выгрузкі, перагрузкі з аднаго віду транспарту на другі. К. бываюць універсальныя, спец. і спецыялізаваныя; закрытыя і адкрытыя суцэльныя, рашоткавыя, разборныя і складаныя. Разлічаны на перавозку ад 3 да 30 т грузаў. Выкарыстанне К. паскарае пагрузачна-разгрузачныя аперацыі і абарот трансп. сродкаў, паляпшае захаванасць грузаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ША ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».