МАРЫ́НКАВІЧ (Marinković) Ранка (н. 22.2.1913, в-аў Віс, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Чл. Югасл. і Сербскай акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Заграбскі ун-т (1936). У 1946—50 дырэктар Харвацкага нац. т-ра. З 1950 праф. Акадэміі тэатр. мастацтва ў Заграбе. Друкуецца з 1931. У зб-ках апавяд. «Проза» (1948), «Рукі», «Пад балконамі» (абодва 1953), «Прыніжэнне Сакрата» (1959), «Карнавал і іншыя апавяданні» (1964), раманах «Цыклоп» (1965), «Сумеснае купанне» (1980), п’есах «Глорыя» (1956), «Пустыня» (1981) і інш. маральна-філас. праблемы. Для яго твораў характэрна схільнасць да разгорнутай асацыятыўнасці, інтэлектуальных абагульненняў, неардынарных сітуацый, стварэння сімвалічна-гратэскавых вобразаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклаў А.​Н.​Марціновіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Югаслаўскія апавяданні. Мн., 1975;

Рус. пер. — у кн.: Колар С., Калеб В., Маринкович Р. Избранное. М., 1979.

І.​А.​Чарота.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НЕР (Skinner) Берэс Фрэдэрык (20.3.1904, г. Саскуэхана, ЗША — 18.8.1990),

амерыканскі псіхолаг і філосаф; прадстаўнік біхевіярызму. Чл. Нац. АН ЗША Д-р філасофіі (1931), праф. (1948). Скончыў Гамільтонскі каледж (1926). На аснове даследаванняў паводзін жывёл распрацаваў канцэпцыю аперантнага (ад «аперацыя») абумоўлівання, якое прынцыпова адрозніваў ад умоўна-рэфлекторнага. Сцвярджаў, што прынятая прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму (Дж.​Уотсан і інш.) і неабіхевіярызму (Э.​Толмен, К.​Хал) схема «стымул—рэакцыя» не ўлічвае ўплыву рэакцыі на паводзіны («Паводзіны арганізмаў», 1938). Лічыў, што арганізм набывае новыя рэакцыі, таму што сам заахвочвае (падмацоўвае) іх, і толькі пасля гэтага знешні стымул выклікае рэакцыю. Кожная рэакцыя, на яго думку, заснавана на папярэднім вопыце і генетычным кодзе, а ўсе паводзіны можна расцэньваць як абумоўленае спалучэнне пазітыўных і негатыўных стымулаў (напр., ежа, увага, голад, боль, пахвала, прыніжэнне). Паводле С., у грамадстве не можа быць незалежнага «аўтаномнага чалавека», бо паводзіны індывіда абумоўлівае і кантралюе сац. асяроддзе праз сац. ін-ты, звычаі, мову, сродкі камунікацыі і г.д. Альтэрнатывай такому ўздзеянню лічыў сац. формы супольнасцей, члены якіх павінны быць інтэграваны ў сістэму пазітыўнага псіхал. падмацавання (узаемавыгадныя, справядлівыя адносіны індывідаў адзін да аднаго ў працэсе зносін), у выніку чаго адпадае неабходнасць у рэпрэсіўных ін-тах («Па той бок свабоды і годнасці», 1971). Гэтая канцэпцыя атрымала назву сац. біхевіярызму. Працы С. заклалі псіхал. і метадалагічныя асновы сучаснага праграмаванага навучання, якое ён разглядаў як «паслядоўнае навядзенне» на патрэбную рэакцыю («Тэхналогія навучання», 1968). Аўтар прац «Навука і паводзіны чалавека» (1953), «Пра біхевіярызм» (1974), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1976), рамана-утопіі «Уолдэн-2» (1948) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Наука об учении и искусство обучения // Программированное обучение за рубежом. М., 1968;

Оперантное поведение // История зарубежной психологии, 30—60-е гг. XX в.: Тексты. М., 1986.

Літ.:

Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. М., 1971;

Кондрашенк о В.Т., Донской Д.И. Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.-Мн., 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАЛІ́ЗМ (франц. formalisme ад лац. formalis які адносіцца да формы),

1) перавага, якая аддаецца форме, а не зместу, у розных сферах чалавечай дзейнасці (гл. Змест і форма). У сферы міжасобасных адносін выяўляецца ў няўхільным прытрымліванні правіл этыкету, абрадаў, рытуалаў; у галіне сац. кіравання — у бюракратызме (гл. Бюракратыя).

2) Кірунак у асновах логікі і матэматыкі, прадстаўнікі якога сваёй гал. задачай лічылі абгрунтаванне гэтых дысцыплін шляхам іх пабудовы ў выглядзе вылучэнняў сродкамі спец. тэорыі — метаматэматыкі. Прынцыпы Ф. ў спалучэнні з ідэямі інш. кірункаў у асновах логікі і матэматыкі (напр., канструктыўнай матэматыкі) выкарыстоўваюцца для распрацоўкі праблем тэорыі доказаў.

3) Агульная назва кірункаў, плыней і тэндэнцый у маст. творчасці, эстэтыцы і крытыцы, якія абсалютызуюць маст. форму, прызнаюць яе самакаштоўнае, незалежнае ад зместу значэнне. Тэндэнцыі Ф. выяўляюцца ў крызісныя перыяды гісторыі сусв. мастацтва (напр., у познім элінізме, позняй готыцы, маньерызме, акадэмізме).

Фармалістычныя плыні і школы (футурызм, сюррэалізм, кубізм, абстракцыянізм, ташызм і інш.) аб’ядноўвае непрыняцце пазнавальнай і этычнай каштоўнасці мастацтва, культ ірацыяналізму, дэфармацыя натуральных форм, спробы стварыць замкнёны ў сабе свет рэальнасці. Ф. нярэдка вядзе да разбурэння маст. вобраза (у л-ры — ускладненасць і ломка мовы, алагізм і дэфармацыя сінтакс. структур; у т-ры — прыніжэнне ролі драматургіі, гранічная ўмоўнасць, схема; у выяўл. мастацтве — адвольнае канструяванне зрокавых форм, імкненне да дэкар. эфекту), у выніку чаго змястоўныя кампаненты фальклору, л-ры і інш. відаў маст. творчасці набываюць значэнне чыстай формы. У сав. мастацтвазнаўстве 1920-х г. пад Ф. разумелі сістэмы фармальнага метаду і аналізу, якія вывучалі маст. форму як самацэнны эстэт. фактар у мастацтве. З 2-й пал. 1920-х г. Ф. наз. мастацтва, дзе форма прэваліравала на зместам. У 1930-я г. сав. крытыка вяла барацьбу супраць Ф., які разглядаўся як антыпод сацыялістычнага рэалізму. З 1940-х г. тэрмін «Ф.» страціў навук. сэнс і стаў выкарыстоўвацца для дыскрэдытацыі маст. твораў, якія не адпавядалі сав. афіц. дактрынам.

У літ.-маст. крытыцы Беларусі ўпершыню паняцце Ф. выкарысталі публіцысты газет «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» і інш. выданняў для характарыстыкі маст. метаду сімвалізму, імпрэсіянізму, футурызму і інш. авангардысцкіх плыней у л-ры. Бел. крытыка і публіцыстыка пач. 20 ст. адмаўляла наяўнасць фармалістычных плыней і дэкадэнцтва ў л-ры нац. адраджэння. Пасля 1917 тэндэнцыі Ф. выявіліся ў пралеткультаўскіх устаноўках і авангардысцкіх плынях паэзіі, жывапісу, тэатральнага і інш. відаў мастацтва (гл. Пралеткульт, «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», «Сцвярджальнікі новага мастацтва»). Вульгарна-сацыялагічная крытыка канца 1920 — пач. 1950-х г. абвінавачвала ў Ф. пісьменнікаў, мастакоў і музыкантаў, якія імкнуліся да наватарства, вобразнай складанасці і пошуку новых выяўл. сродкаў. У сучаснай эстэтыцы крытыка Ф. страціла ранейшую актуальнасць, а гэтая плынь набыла пазітыўнае значэнне ў кантэксце мадэрнізму і постмадэрнізму.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;

Яго ж. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 16, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)