ПЯЦЬ ПРЫ́НЦЫПАЎ МІ́РНАГА СУІСНАВА́ННЯ, панча шыла (на мове хіндзі — пяць прынцыпаў),

прынцыпы міжнародных адносін: узаемная павага тэр. цэласнасці і суверэнітэту, ненапад, неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, роўнасць і ўзаемныя выгады, мірнае суіснаванне. Упершыню сфармуляваны ў прэамбуле інд.-кіт. пагаднення 1954, паводле якога Індыя прызнала суверэнітэт Кітая над Тыбетам. У далейшым атрымалі развіццё ў рашэннях Бандунгскай канферэнцыі 1955. Зрабілі ўплыў на ідэалогію Недалучэння руху.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЧА ШЫ́ЛА,

гл. Пяць прынцыпаў мірнага суіснавання.

т. 12, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЕ ПРАВАЗНА́ЎСТВА,

1) метад вывучэння прававых сістэм розных дзяржаў шляхам супастаўлення аднайменных дзярж. і прававых інстытутаў, сістэм права, іх асн. прынцыпаў і г.д. 2) П.п., кампаратывістыка — адна з галін юрыд. навукі.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТРЫ́НА (лац. doctrina),

сістэматызаванае вучэнне (звычайна філас., паліт., ідэалаг.), звязная канцэпцыя, сукупнасць тэарэт. ці паліт. прынцыпаў, напр., ваенная дактрына. Тэрмінам Д. звычайна карыстаюцца пры абазначэнні поглядаў з адценнем схаластычнасці і дагматызму. Фармальнае, некрытычнае прытрымліванне пэўнай Д. наз. дактрынёрствам.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАЛУЧЭ́ННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адна з форм міжнар. нейтралітэту. Упершыню выпрацаваны на Бандунгскай канферэнцыі 1955. У аснову Н.п. былі пакладзены Пяць прынцыпаў мірнага суіснавання («Панча Шыла») Цж.Нэру, канчаткова сфармуляваны на канфер. ў Бялградзе ў 1961. Ва ўмовах супрацьстаяння ЗША і СССР прадугледжваў пазбяганне ідэалаг. і паліт. альянсаў з любой са звышдзяржаў.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЯРЫТЭ́Т (ням. Priorität ад лац. prior першы, старшы),

1) першынство ў часе ажыццяўлення якой-н. дзейнасці.

2) Неабходная ўмова выдачы патэнта на вынаходства, для прызнання навук, тэхн. дасягнення адкрыццём.

3) Пераважнае значэнне якога-н. нарматыўнага акта, закону. Напр., Беларусь прызнае П. агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім нац. заканадаўства.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,

клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л. біял. сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл. Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.

А.​І.​Балсун.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСІДО́ (яп. шлях воіна),

у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзен і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЧЫ́МЫХ ПЕРАМЯШЧЭ́ННЯЎ ПРЫ́НЦЫП,

прынцып, які ўстанаўлівае агульныя ўмовы раўнавагі мех. сіс-. тэмы; адзін з варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле М.п.п. для раўнавагі сістэм з ідэальнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя) неабходна і дастаткова, каб сума работ усіх актыўных сіл, прыкладзеных да сістэмы, пры любых магчымых перамяшчэннях сістэмы была роўная нулю (без разгляду невядомых рэакцый сувязей). Гл. таксама Д’Аламбера—Дагранжа прынцып.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ (ад позналац. manifestum заклік),

1) асобы акт кіраўніка дзяржавы або вышэйшага органа дзярж. улады, звернуты да насельніцтва. Прымаецца ў сувязі з якой-н. важнай паліт. падзеяй, урачыстай датай і да т.п.

2) Заклік, дэкларацыя паліт. партыі, грамадскай арг-цыі, якія змяшчаюць праграму і прынцыпы дзейнасці.

3) Пісьмовае выкладанне літ. або маст. прынцыпаў якога-н. кірунку або групы.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)