ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),
1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.
2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.Батычэлі, Ф.Ліпі, С.Марціні, Пізанела, П.Учэла і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫВІ́ЗМ (ад прымітыў),
кірунак у выяўл. мастацтве канца 19—1-й пал. 20 ст., які характарызуецца праграмным свядомым спрашчэннем маст. вобразаў і сродкаў выяўлення арыентацыяй на формы прымітыву, інсітнага мастацтва, народнай творчасці, дзіцячай творчасці. Узнікненне і развіццё П. звязана з непрыняццем урбанізацыі жыцця, уніфікаванасці масавай культуры і элітарнасці сучаснага мастацтва. Мастакі імкнуліся да эмацыянальнай чысціні і яснасці нар. ці дзіцячага светаўспрымання, пошуку першакрыніц творчасці. Рысы П. ўласцівы творчасці П.Гагена, групы «Набі», ранніх прадстаўнікоў кубізму, фавізму, дадаізму ў Францыі, П.Клее ў Швейцарыі, Ю.Л.Макоўскага ў Польшчы, удзельнікаў маст. аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Блакітная ружа» (М.Крымаў, М.Сар’ян) у Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),
англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.Мілесам, У.Х.Хантам (зазналі ўплыў М.Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл.Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.Тэнісан, А.Ч.Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.Крэйн, Дж.Ф.Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Прэрафаэліты. У.Х.Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.Да арт.Прэрафаэліты. Д.Г.Расеці. La Ghirlandata. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,
самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.