буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр.ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
1) у старажытнасці сталае рассяленне плямён (народаў) на новых тэрыторыях, часта ўжо занятых інш. плямёнамі; заснаванне паселішчаў у чужых землях (актыўна праводзілася асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі). Была выклікана недахопам с.-г. зямель, гандл. экспансіяй і інш. 2) Засяленне і гасп. асваенне ўскраінных зямель краіны, якія пустуюць (унутраная К.), або заснаванне паселішчаў паза яе межамі (знешняя К.). Мела добраахвотны, прымусовы (высылкі і інш.) ці добраахвотна-прымусовы (служба) характар. З часоў Вял.геагр. адкрыццяў 15—17 ст. К. інш. раёнаў еўрапейцамі суправаджалася прымусовым падпарадкаваннем мясц. насельніцтва ў Новым Свеце (гл.Каланіялізм). Вял. памеры К. былі ў Расіі (з канца 16 ст. асваенне Сібіры і Д. Усходу, у 16—17 ст. засяленне паўд. раёнаў Еўрап. Расіі, у 18 ст.Паўн. Прычарнамор’я, у 18—1-й пал. 19 ст.гасп. асваенне Заволжа). У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ўрад арганізавана перасяляў сялян з зах. і цэнтр. раёнаў імперыі ў Сібір, Сярэднюю Азію, Казахстан, на Д. Усход і інш. Толькі з Беларусі з 1885 да 1914 выехала ў Сібір больш за 500 тыс.чал. У БССР у 1920-я г. добраахвотнае перасяленне малазямельных сялян у Сібір набыло вялікія памеры (толькі ў 1924 заявы аб перасяленні ў Сібір падалі 8860 сем’яў). У час калектывізацыі сельскай гаспадаркі з Беларусі ў Казахстан і Сібір прымусова выслана 300—400 тыс.чал., т.зв. «кулакоў». У СССР апошнія хвалі масавай унутранай К. былі звязаны з асваеннем цалінных зямель (з 1954) і буд-вам Байкала-Амурскай магістралі (з 1974), куды таксама выехала нямала беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,
меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮРКГЕ́ЙМ ((Durkheim) Эміль) (15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),
французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.Парсанса і Р.Мертана.
Тв.:
Рус.пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДЗЕ́ЛЫ ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯу Расійскай імперыі,
спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ўраўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем 2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НШЛЮС (ням. Anschluß літар. далучэнне),
патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм.паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял.-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач.крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).
Да арт.Аншлюс. Войскі Германіі ўступаюць у Вену. 1938.