«Аб прызнанні незалежнасці БССР» (пастанова) 4/358; 8/411; 12/138

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСУ́ДЖАНЫ,

асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,

вайсковая газета. Выдавалася ў крас.снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,

сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],

1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.

2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТМІ́НСТЭРСКІ СТАТУ́Т 1931,

акт брыт. парламента ад 11 снеж., які вызначаў прававыя адносіны Вялікабрытаніі з яе дамініёнамі. Афіцыйна замацаваў рашэнне імперскай канферэнцыі 1926 аб прызнанні самастойнасці дамініёнаў ва ўнутр. і знешніх справах, іх роўнасці з метраполіяй. Паводле Вестмінстэрскага статута законы Вялікабрытаніі не маглі пашырацца на дамініёны без іх згоды, скасоўвалася правіла, у адпаведнасці з якім закон дамініёна лічыўся несапраўдным, калі пярэчыў законам метраполіі. Хоць Вялікабрытанія фактычна захоўвала кантроль над знешняй палітыкай дамініёнаў, Вестмінстэрскі статут сведчыў пра рост іх эканам. і паліт. самастойнасці.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,

у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТА́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

выхаваўчая канцэпцыя, заснаваная на сляпым прызнанні аўтарытэтаў, падаўленні ініцыятывы выхаванцаў і падпарадкаванні выхавальніку. Прынцып аўтарытарызму ў выхаванні найб. выразны ў рэліг. сістэме выхавання (езуіцкія калегіумы), у пед. канцэпцыі ням. вучонага І.​Ф.​Гербарта, у фаш. педагогіцы. З эпохі Адраджэння прагрэсіўныя педагогі супрацьпастаўлялі аўтарытарнаму выхаванню прыродаўзгодненае выхаванне, заснаванае на ідэі поўнай свабоды дзіцяці (Ж.​Ж.​Русо, рус. педагог К.​М.​Вентцэль) ці разумнай апекі і творчага супрацоўніцтва выхавальніка і выхаванца (Л.​М.​Талстой, А.​С.​Макаранка, В.​А.​Сухамлінскі і інш.).

Г.​В.​Сегянюк.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РФА-ПАСА́ДНІЦА (Марфа Барэцкая; 7—?),

наўгародская баярыня, удава пасадніка І.​А.​Барэцкага. Вызначалася розумам, энергіяй і красамоўствам. У 1470-я г. разам з сынамі ўзначальвала варожую маскоўскаму вял. кн. Івану III групоўку баяр — прыхільнікаў пераходу Наўгародскай феадальнай рэспублікі ў падданства ВКЛ (гл. Барэцкія). У 1477 М.П. і яе прыхільнікі сарвалі ратыфікацыю вечам дагавора аб прызнанні Івана III неабмежаваным уладаром Ноўгарада. У студз. 1478 Ноўгарад капітуляваў перад войскам Івана III, які выслаў М.П. ў Маскву, потым у Ніжні Ноўгарад, дзе яна пад імем Мар’і пастрыжана ў манашкі.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НАР,

паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).

В.​А.​Паўлоўская.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)