ФІТАТАКСІ́НЫ (ад фіта... + таксіны),

ядавітыя рэчывы, што ўтвараюцца некат. раслінамі. Адрозніваюць алкалоіды, арган. к-ты, ліпіды, тэрпеноіды, стэроідныя гліказіды, сапаніны, флаваноіды, таніны, кумарыны і антрахіноны. Да найб. важных адносяць поліпептыды з насення клешчавіны (рыцын) і абруса (абрын). Таксічнае ўздзеянне адбываецца пры ўжыванні ў ежу (напр., ягады ландыша), удыханні ядавітых выдзяленняў (напр., дыстанцыйнае атручэнне багуном, хвойнымі), кантактнае пашкоджанне скуры і слізістых (напр., баршчэўнік, крапіва). Пры вырошчванні, нарыхтоўцы або апрацоўцы расл. сыравіны (напр., тытуню, беладонны, бука, дуба) пашкоджанні маюць рэспіраторна-кантактны характар. Атручэнне таксама звязана з ужываннем у ежу прадуктаў, забруджаных расл. ядамі (мёду, малака, мяса). У атручаных жывёл зніжаецца лактацыя, прадукцыйнасць, прыбаўленне ў вазе, развіваецца бясплоднасць, часам масавая гібель.

т. 16, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)