ПРУ́ХА ((Průcha) Яраслаў) (24.4.1898, Скврняні, каля г. Пльзень, Чэхія — 25.4.1963),
чэшскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1953). У 1924—28 акцёр Гар. т-ра ў Кладна (з 1963 імя П.), у 1931—63 працаваў у Нац. т-ры ў Празе. Сярод роляў: Гален («Белая хвароба» К.Чапека), Ян Жыжка, Войнар, Дзівішак («Ян Жыжка», «Войнарка», «Бацька» А.Ірасека), Марцін Кабат («Жарты з чортам» Я.Дрды), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава), Лёўшын («Ворагі» М.Горкага) і інш. Найб. цікавыя рэжысёрскія работы — пастаноўкі п’ес І.К.Тыла (у т. л. «Упартая жанчына»). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1952.
т. 13, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),
буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццё т-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.Острчыл, В.Таліх, З.Халабала, Я.Кромбгальц; балетмайстры І.Блажак, І.Енчык, М.Кура, С.Махаў, І.Немечак; рэжысёры І.Гонзль, Я.Квапіл, Ф.Колар, І.Маршалек, Р.Полак, Я.Пруха, Ф.Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.Бенячкава, К.Берман, Б.Блахут, К.Бурыян, Э.Дэсцінава, І.Жыдак, В.Зітак, Н.Кніплава, Л.Марава, М.Махаткава, А.Мікава, І.Міксава, Э.Полерт, Р.Тучак, Б.Фёрстрава-Лаўтэрэрава, Г.Хорватава, салісты балета Н.Гайдашава, М.Дротнерава, І.Петршык, В.Скалава, З.Шэмберава, В.Шылганава і інш.
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)